2014-02-08 10:54:03

Апостальская Сталіца выступіла за роўны доступ да лячэння і лекаў


RealAudioMP3 Святы Пасад раскрытыкаваў недастатковае забеспячэнне асноўнымі лекавымі сродкамі ў многіх краінах па ўсім свеце. У сістэмах аховы здароўя каля 90 дзяржаў людзі атрымоўваюць менш за палову патрэбных лекаў, паведаміў старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, арцыбіскуп Зігмунт Зімоўскі. У іх шэрагу знаходзяцца таксама і некаторыя развітыя краіны. Палітычнае кіраўніцтва павінна забяспечыць, каб усе пласты насельніцтва атрымалі роўны доступ да медыцынскай дапамогі, “з асаблівым акцэнтам на найбольш уразлівых: дзяцей, пажылых, бедных і людзей, якія жывуць на краі грамадства”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп Зімоўскі нагадаў заклік папы Фрэнцішка падчас яго візіту да бежанцаў на італьянскі востраў Лампедуза ў 2013 г., каб палітыка мела на мэце не толькі гарантаванне грамадзянскіх правоў, але і імкнулася да забеспячэння доступу кожнага да базавых матэрыяльных умоў жыцця.

Каментар ватыканскага іерарха прымеркаваны да “Дня збору лекаў”, які адзначаецца 8 лютага ў шэрагу еўрапейскіх краін. Ён можа стаць магчымасцю для адлюстравання духа справядлівасці, міласэрнасці і салідарнасці на карысць роўнага доступу да лячэння і лекаў ва ўсім свеце і для ўсіх сацыяльных груп, адзначыў арцыбіскуп Зімоўскі і падзякаваў фармацэўтам і вытворцам фармацэўтычнай прадукцы , якія прынялі і прымуць удзел у гэтым Дні, ахвяруючы медыкаменты.







All the contents on this site are copyrighted ©.