2014-02-07 14:27:10

Францішак: св. Ян Хрысціцель – прыклад для вучняў Езуса


RealAudioMP3 Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 7 лютага 2014 г. папа Францішак заклікаў углядацца ў прыклад св. Яна Хрысціцеля, які з’яўляецца “іконай” сапраўднага вучня Хрыста. Пантыфік адзначыў, што гэты святы быў перш за ўсё моцным чалавекам, які абвяшчаў надыход Езуса і заклікаў да навяртання. Такім чынам, паводле Папы, яго першай характарыстыкай з’яўляецца – імкненне абвяшчаць. Святы Айцец падкрэсліў, што пры гэтым св. Ян не злаўжываў сваім маральным аўтарытэтам. Многія бачылі яго сілу і нават заклікалі прызнаць сябе Месіяй. У гэты момант спакусы пыхай, ён мог бы зрабіць “твар для выявы” і з фальшывай пакорай сказаць: “Ну, я не ведаю...”, але сцвердзіў: “Не. Ідзе за мной Мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся развязаць раменьчык на Яго сандалях”, нагадаў Пантыфік. Такім чынам, паводле Францішка, другой характарыстыкай св. Яна з’яўляецца праўдзівасць – ён быў “чалавекам праўды”.

Трэццяй рысай святога Пантыфік назваў імкненне “наследаваць Хрыста”. Перш за ўсё св. Ян рабіў гэта праз дабраахвотнае прыніжэнне: “Ян прыніўся аж да канца, аж да смерці”. Нават яго смерць была падобнай на смерць Езуса: ён памёр як злачынца, заўважыў Папа.

Францішак падкрэсліў, што крыніцай такой жыццёвай пазіцыі св. Яна была яго сустрэча з Хрыстом. Пра яе вядома з Евангелля, у якім апавядаецца пра сустрэчу цяжарных Марыі і Альжбеты. Падчас яе св. Ян узварухнуўся ва ўлонні сваёй маці.

Напрыканцы гаміліі Папа заклікаў вернікаў паразважаць, ці абвяшчаюць яны Хрыста людзям, ці глядзяць на хрысціянства як на прывілей або ідуць шляхам пакоры, прыніжэння і служэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.