2014-02-07 14:25:08

Кс. Ламбардзі: заўвагі Камітэта ААН няпоўныя і перавышаюць яго кампетэнцыі


RealAudioMP3 Заключныя заўвагі Камітэта ААН па правах дзіцяці з’яўляюцца няпоўнымі і перавышаюць кампетэнцыі гэтай структуры, адзначыў кс. Фэдэрыка Ламбардзі. 7 лютага 2014 г. кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы скіраваў паведамленне ў сувязі з дыскусіямі, якія працягваюцца адносна дакумента прадстаўленага 4 лютага 2014 г. у Жэневе. У ім утрымліваюцца абвінавачванні ў адрас Апостальскай Сталіцы звязаныя з сексуальнымі злачынствамі прадстаўнікоў духавенства. Камітэт сцвердзіў, што Апостальская Сталіца працягвае парушаць Канвенцыю аб правах дзіцяці, а таксама абрынуўся з крытыкай на пазіцыю Касцёла адносна гомасексуалізма, кантрацэпцыі і абортаў.

Кс. Ламбардзі падкрэсліў, што гаворка не ідзе пра “сутыкненне паміж ААН і Ватыканам”. Святы Пасад заўсёды аказваў маральную падтрымку ААН, а самыя высокія кіраўнікі гэтай арганізацыі ўсведамляюць важнасць маральнага і рэлігійнага аўтарытэту Апостальскай Сталіцы і жадаюць пазітыўнага дыялога з ёй.

Езуіт адзначыў, што Святы Пасад заўсёды далучаўся да тых міжнародных канвенцый ААН, якія лічыў важнымі з перспектывы сваёй дзейнасці і місіі – сярод першых у свеце ён далучыўся да Канвенцыі аб правах дзіцяці, таму што заўсёды ажыцяўляў працу ў гэтай сферы ў святле навучання Касцёла.

Прадстаўнік Святога Пасаду падкрэсліў, што дзейнасць ААН шырокая і складаная, у ёй сустракаюцца і сутыкаюцца розныя погляды. Але каб агульны вынік быў станоўчым, неабходна гатоўнасць на дыялог і ўважлівая павага да асноўных правілаў, працэдураў і рамак дзейнасці.
Кс. Ламбардзі нагадаў, што Камітэт па правах дзіцяці быў створаны для кантролю за выкананнем адмысловай Канвенцыі. Ён атрымлівае справаздачы ад краін-удзельніц, вывучае іх, абмяркоўвае з дэлегацыямі і фармулюе парады для лепшага выкання ўмоваў пагаднення. Часцей за ўсё яны фармулююцца ў сухой і адноснай форме, таму амаль ніколі не выклікаюць увагі міжнародных СМІ, нават калі гаворка ідзе пра краіны ў якіх правы чалавека, і ў прыватнасці дзяцей, цяжка парушаюцца.

Святым Пасадам былі прадстаўлены неабходныя справаздачы аб мерах выканання ўмоваў Канвенцыі, былі дадзены пісьмовыя ўдакладненні, абдылася вусная размова ватыканскай дэлегацыі з членамі Камітэта. Аднак апублікаваныя заключныя заўвагі выклікалі вялікі рэзананс.

Паводле кіраўніка Залы Друку, дакументы Камітэта ААН утрымліваюць сур’ёзныя недахопы. У іх не нададзена належная ўвага пісьмовым і вусным адказам прадстаўнікоў Апостальскай Сталіцы і яны не адлюстраваны прапарцыянальна. Таму, на думку кс. Ламбардзі, складаецца ўражанне, што дакумент быў напісаны ці складзены загадзя.

Кіраўнік Залы Друку назваў цяжкім фактам неразуменне ці нежаданне разумець спецыфічную прыроду Апостальскай Сталіцы, якая дэтальна тлумачылася шмат разоў.

Паводле кс. Ламбардзі спосаб прадстаўлення заўвагаў кажа аб тым, што большая ўвага была звернута на пазіцыі некаторых арганізацый, якія прадузята адносяцца да Каталіцкага Касцёла і Апостальскай Сталіцы і якім уласціва ігнараванне дзейнасці Святога Пасаду і Касцёла на працягу апошніх гадоў у накірунку прызнання памылак, абнаўлення нарматыўнай базы, развіцця выхаваўчых і прэвентыўных мераў. “Мала ці ніякая арганізацыя ці інстытут зрабілі падобнае. Але канешне не гэта разумеецца чытаючы дакумент”, - адзначыў езуіт.

Самым цяжкім фактам, на думку кіраўніка Залы Друку, з’яўляецца тое, што Камітэт ААН перакрочыў свае кампетэнцыі і ўмяшаўся ў дактрынальныя і маральныя пазіцыі Каталіцкага Касцёла, даючы ўказанні, якія тычацца маральнай ацэнкі кантрацэпцыі і аборта, выхавання ў сям’і і погляду на чалавечую сексуальнасць у святле ўласнага ідэалагізаванага бачання самой сексуальнасці.

“Нельга не заўважыць, што тон, развіццё і рэклама дадзеная Камітэтам свайму дакументу абсалютна анамальныя адносна нармальнага працэсу адносін з краінамі-удзельніцамі Канвенцыі”, - сказаў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.