2014-02-04 12:12:50

Папа ў пасланні на Вялікі пост пра матэрыяльную, маральную і духоўную галечу


RealAudioMP3 Святы Айцец Францішак скіраваў сваё першае пасланне на Вялікі пост. Яно было апублікавана 4 лютага 2014 г. і атрымала эпіграф з Другога Паслання да Карынцянаў: “Езус стаў бедным дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам” (8, 9). Пантыфік адзначыў, што хоча “падзяліцца некаторымі думкамі, якія могуць стаць карыснымі на шляху асабістага і супольнага навяртання” і ў самым пачатку паставіў пытанне: “Што значыць для нас сёння заклік да беднасці, да жыцця ў беднасці, у евангельскім сэнсе?”. Словы св. Паўла з эпіграфу, на думку Папы, дэманструюць “стыль Божага дзеяння”: “Бог аб’яўляе сябе не ў постаці сусветнай улады і багацця, але слабасці і беднасці”. Крыніцай усяго гэтага з’яўляецца Божая любоў, якая “робіць падобным, устанаўлівае роўнасць, руйнуе муры і нішчыць адлегласць”. Езус стаў бедным не для беднасці самой ў сабе, але, “каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам”. Гэта не гульня слоў, у гэтым, паводле Францішка, “логіка Божай любові”.

Беднасць, якой Езус нас вызваляе і ўзбагачае, “гэта яго спосаб любіць нас, яго спосаб быць нашым бліжнім”, заўважыў Папа і дадаў: “Тым, што дае нам сапраўдную свабоду, сапраўднае збаўленне і сапраўднае шчасце, з’яўляецца Яго спачувальная любоў, пяшчотная і неабыякавая”. “Беднасць Хрыста з’яўляецца найвялікшым багаццем”, адзначыў Пантыфік, паколькі заснавана на Яго “бязмежным даверы да Бога Айца”, “Ён багаты, як дзіця, якое адчувае, што яго любяць, само любіць сваіх бацькоў, і ніколі ні на імгненне не сумняецца ў іх любові і пяшчоце”. Багацце Езуса, дадаў Святы Айцец, палягае на тым, што ён – Сын, і гэта ўнікальная повязь з Айцом з’яўляецца самым высокім прывілеем “гэтага беднага Месіі”. “Езус заклікае нас узяць на сябе Яго “салодкае ярмо”, каб мы ўзбагацілі сябе Яго “багатай беднасцю” або “бедным багаццем”, - адзначыў Францішак.

Папа заўважыў, што сёння многія думаюць, што такі шлях беднасці быў адпаведны для Езуса і зусім не падыходзіць для іх. “Гэта не так. У кожным часе і месцы Бог па-ранейшаму збаўляе людзей і свет праз беднасць Хрыста, таму што Ён становіцца бедным у сакрамэнтах, у Слове і сваім Касцёле, які з’яўляецца народам бедных”, - падкрэсліў ён і дадаў, што “багацце Бога не можа ўдзяляцца праз наша багацце, але заўсёды і выключна праз нашу беднасць, асабістую і супольную, якая грунтуецца на сіле Хрыстовага Духа”.

Хрысціяне пакліканы заўважыць розныя тыпы галечы, ад якіх пакутуюць браты, “дакрануцца да іх рукой, браць на плечы і прабаваць змякчыць іх праз канкрэтныя дзеянні”, лічыць Пантыфік. Галеча, гэта не тое ж, што беднасць, заўважыў ён і назваў першую, беднасцю без веры ў будучыню, без салідарнасці і надзеі.

Папа вылучыў тры тыпы галечы: матэрыяльную, маральную і духоўную. Першая – гэта тое, што звычайна называюць беднасцю, калі хтосьці жыве ва ўмовах, недастойных чалавека, без прадуктаў харчавання, вады, гігіены, працы, магчымасці для развіцця і культурнага прагрэсу. Намаганні Касцёла скіраваны на тое, каб у свеце перасталі таптаць чалавечую годнасць, справядліва размяркоўвалі рэсурсы.

Не менш трывожнай, на думку Святога Айца, з’яўляецца маральная галеча, якая робіць чалавека рабом дрэнных звычак і граху. “Шматлікія сем’і жывуць у тузе, таму што некаторыя з іх членаў – часта маладыя – аддаліся ў кабалу алкаголю, наркотыкаў, азартных гульняў або парнаграфіі!”, - адзначыў Папа і дадаў, што многія людзі страцілі сэнс жыцця, бо былі пазбаўлены перспектыў на будучыню. Такія выпадкі маральнай галечы Папа назваў ядром самагубства.

Гэта форма галечы, якая вядзе да эканамічнага краху, заўсёды звязана з галечай духоўнай, якая закранае чалавека, калі той аддаляецца ад Бога і адпрэчвае Яго любоў. “Калі мы думаем, што мы не маем патрэбы ў Богу, які ў Хрысце працягвае нам руку, таму што нам здаецца, што мы самадастатковыя, уступаем на шлях краху. Толькі Бог сапраўды збаўляе і вызваляе”, - падкрэсліў Пантыфік і дадаў, што Евангелле з’яўляецца рэальным лекам ад духоўнай галечы. “Бог заклікае хрысціян быць радаснымі вестунамі Евангелля міласэрнасці і надзеі!”, - нагадаў Святы Айцец. Паводле яго, задача кожнага паслядоўніка Хрыста, абвяшчаць ва ўсіх асяроддзях, што “Бог большы за нашы грахі і любіць нас бескарысліва і заўсёды”.

Папа Францішак заклікаў Касцёл да гатоўнасці, асабліва ў час Вялікага посту, несці ўсім, якія жывуць у матэрыяльнай, маральнай і духоўнай галечы, палымянае сведчанне Евангелля, сутнасцю якога з’яўляецца міласэрная любоў Бога. “Вялікі пост – гэта час самаадрачэння”, - нагадаў Пантыфік і заклікаў кожнага задумацца аб магчымасці адмовіцца ад чагосьці, каб дапамагчы іншым і “узбагаціць сваю беднасць”. Ён прызнаўся, што будзе маліцца, каб “кожны вернік і кожная касцёльная супольнасць маглі плённа перажыць час Вялікага посту.







All the contents on this site are copyrighted ©.