2014-02-04 14:22:23

Ватыканскі кардынал расказаў аб дэфектах свецкай прававой культуры


RealAudioMP3 Кардынал Франчэска Кокапальмерыё востра раскрытыкаваў дэфекты свецкай прававой культуры. Сярод “сур’ёзных ран”, якія наносіць грамадству свецкае права, адмаўленне з яго боку факту, што свае аб’ектыўныя карані яно мае ў маральным законе, заявіў старшыня Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў падчас Кангрэсу нямецкіх спецыялістаў па Кананічным праве ў Мюнхене. Іерарх лічыць, што сёння існуюць спробы юрыдычна легалізаваць аб’ектыўна дрэнныя дзеянні. Прыкладам апошніх, паводле ватыканскага кардынала, з’яўляюцца аборты, эксперыменты на эмбрыёнах у даследчых мэтах, эўтаназія, аднаполыя саюзы і іх роўнасць з сужэнствам, парушэнне асноўных правоў сумлення і рэлігійнай свабоды.

Іерарх звярнуў увагу таксама на з’яву “антынамізму”, калі назіраецца супярэчнасць закона самому сабе, якім было, на жаль, заражана жыццё Касцёла пасля ІІ Ватыканскага Сабору. Кардынал паддаў крытыцы часы ўнутрыкасцёльнай эйфарыі, якая павінна была прывесці да абнаўлення ў знак свабоды і любові, але на самой справе прывяла да “абыякавасці” і адмовы “ад дысцыпліны, прынятай у Касцёле”. Таму, асновай абнаўлення веры павінна быць “веданне традыцыі касцёльнага парадку” і “павага да касцёльнага заканадаўства”, - лічыць кардынал Кокапальмерыё.

У Мюнхене з панядзелка адбываецца трохдзённая сустрэча спецыялістаў па кананічным праве з усёй Германіі на тэму: “Секулярызацыя і евангелізацыя як выклік для касцёльнага права”.







All the contents on this site are copyrighted ©.