2014-02-03 11:01:41

Польскі епіскапат з візітам “ad limina Apostolorum” у Ватыкане


RealAudioMP3 Польскі епіскапат працягвае візіт “ad limina Apostolorum”. 3 лютага 2014 г. Папа прыняў у Ватыкане другую групу іерархаў. Сустрэча з першай прайшла ў мінулую суботу. Сацыяльна-рэлігійныя і душпастырскія праблемы, якія стаяць перад мясцовым Касцёлам прадставіў Святому Айцу падчас яе прымас Польшчы арцыбіскуп Юзэф Кавальчык. Прысутны на спатканні біскуп Войцех Поляк, сакратар Канферэнцыі Біскупаў, паведаміў Ватыканскаму радыё, што Пантыфік падкрэсліў праблему сучаснай матэрыялістычнай культуры, ад якой трэба абараняць людзей. Прыклад яе ўздзеяння, га думку Папы, гэта пытанне нараджэння дзяцей. Ён адзначыў, што ў такой культуры дабрабыту часам цяжка праявіць самаахвярнасць на карысць дзіцяці.

Другая тэма, узнятая Францішкам, тычылася катэхізацыі. Папа пытаўся польскіх іерархаў таксама аб сітуацыі з сакрамэнтам пакаяння. Ён пацікавіўся, ці людзі ў Польшчы прыходзяць да споведзі. Святы Айцец адзначыў, што шматлікія вернікі каля канфесіяналаў – гэта знак надзеі. Ён папрасіў, каб біскупы памяталі аб неабходнасці добрай фармацыі святароў, якая павінна ўключаць у сябе не толькі адпаведныя веды, але і глыбокае спачуванне да вернікаў.

Арцыбіскуп Юзэф Міхалік, старшыня польскага епіскапату, прызнаўся, што падчас візіту ў Кангрэгацыі па справах Духавенства іерархі выказалі сваю занепакоенасць, звязаную з сітуацыяй са святарскімі і манаскімі пакліканнямі. Польскія біскупы таксама наведалі Кангрэгацыю Каталіцкай Адукацыі. Яе прэфект, кардынал Зянон Грахалеўскі, узняў важныя пытанні, якія тычацца функцыянавання каталіцкіх навучальных устаноў у Польшчы: акрэдытацыі вучоных ступеняў і арганізацыі навучання. Іерархі падкрэслілі, што зараз у краіне назіраецца тэндэнцыя да адмаўлення права бацькоў на выхаванне сваіх дзяцей, асабліва ў сферы рэлігійнай адукацыі, і захоп права на адукацыю дзяржавай.







All the contents on this site are copyrighted ©.