2014-02-03 13:21:43

Пантыфік заклікаў не выкарыстоўваць Бога і людзей у сваіх інтарэсах


RealAudioMP3 Не выкарыстоўваць Бога і людзей у сваіх інтарэсах, для абароны сябе, заклікаў Пантыфік сабраных на ранішняй св. Імшы 3 лютага 2014 г. Ён запрасіў заўсёды абіраць шлях даверу да Бога. Святы Айцец засяродзіў сваю гамілію на гісторыі здрады Давіда яго сынам. У караля быў выбар: ваяваць з сынам і сваім народам, знішчыць Ерузалем, ці адмовіцца ад гэтага. Ён абірае другі варыянт, не выкарыстоўвае для сваёй абароны ні Бога, ні людзей. Кароль-грэшнік робіць гэта з-за вялікай любові да Пана і свайго народа, заўважыў Пантыфік і заклікаў вернікаў прытрымлівацца ў жыцці прыкладу Давіда. Другой рысай караля ў гэтай сітуацыі было пакаянне, калі ён і яго народ ішлі басанож з пакрытымі галовамі. Ён ведае, што зробленае яго сынам няправільна, але прызнае, што сам не святы і патрабуе пакаяння. Мы, калі такое здараецца ў нашым жыцці, заўсёды ідзём за інстынктам самаапраўдання, заўважыў Святы Айцец і заклікаў адмовіцца ад гэтага і браць прыклад з Давіда “вялікага грэшніка і вялікага святога”.

Папа нагадаў пра іншую асобу са старазапаветнай гісторыі – Сэмэя, які зласловіў, кідаючы камяні ў Давіда. Кароль не помсціць яму, бо прызнае, што ініцыятарам гэтых жэстаў з’яўляецца Бог. Яшчэ адной рысай Давіда быў бязмежны давер да Пана. Яго паводзіны, адзначыў Пантыфік, могуць дапамагчы нам у цяжкія моманты жыцця, калі надыходзіць цемра і асуджэнне. Тады трэба “не шукаць сваімі рукамі справядлівасці”, але даверыцца Богу, раскаяцца і плакаць па сваіх памылках.

Францішак назваў цудоўным гэты фрагмент Святога Пісання, паколькі дазваляе назіраць за чалавекам, які з’яўляецца грэшнікам, але раскайваецца, любіць Бога і свой народ, чалавекам, які не сумняецца ў сваім Богу і давярае Яму. “Давід – святы і мы ўшаноўваем яго як святога. Мы просім яго, каб навучыў нас такім адносінам у драматычныя моманты жыцця”, - закончыў сваю гамілію ў капліцы Дому св. Марты Папа.







All the contents on this site are copyrighted ©.