На Алімпіядзе ў Сочы будуць служыць каталіцкія капеланы
На Алімпійскіх гульнях
у Сочы будуць несці служэнне каталіцкія капеланы. Многія з іх прыбудуць з дэлегацыямі
сваіх краін, трое – будуць прадстаўляць Каталіцкі Касцёл у Расіі. Кожны з капеланаў
ведае некалькі моў. Усяго ў трох міжканфесійных цэнтрах будзе працаваць каля сотні
святароў і валанцёраў. Тут кругласутачна будуць дзяжурыць валанцёры і прадстаўнікі
ўсіх традыцыйных рэлігій: праваслаўныя святары, імамы, рабіны, ламы, духавенства каталіцкіх
і пратэстанцкіх супольнасцяў. Адну з капліц, размешчаную ў горнай вёсцы, католікі
будуць выкарыстоўваць сумесна з праваслаўнымі.
“Малітоўныя пакоі” ужо абсталяваныя.
Зрабілі гэта самі святары. У двух з іх устаноўлены алтары, крэслы, ёсць усё неабходнае
для набажэнстваў. На сценах вісяць крыжы, абразы Маці Божай Чэнстахоўскай і партрэты
папы Францішка. У трэцім пакоі, які будзе выкарыстоўвацца разам з праваслаўнымі, знаходзяцца
і аналоі, і некалькі ікон, падсвечнікі. Зрэшты, ёсць усё неабходнае і для здзяйснення
св. Імшы. І нават, нязвыклыя для праваслаўных літургічных памяшканняў, складныя крэслы.
Стандарты
Міжнароднага Алімпійскага Камітэта абавязваюць арганізатараў даць спартсменам-вернікам
і гасцям спаборніцтваў магчымасць для малітвы. У трох Алімпійскіх вёсках будуць дзейнічаць
“малітоўныя пакоі” для паслядоўнікаў розных хрысціянскіх канфесій, ісламу, юдаізму,
будызму і індуізму. Акрамя таго, у сочынскім каталіцкім храме святых апосталаў Сымона
і Юды Тадэвуша будуць праходзіць спецыяльныя набажэнствы. Плануецца, што там будуць
адпраўляць набажэнствы святары з Германіі, Аўстрыі, Паўднёвай Карэі.
З 30 студзеня
пачалося засяленне спартсменаў і членаў алімпійскіх дэлегацый у Алімпійскія вёскі.
Чым бліжэй да Алімпіяды, тым больш будзе клопатаў у каталіцкіх святароў.