2014-02-01 11:44:14

Кіраўнік дыкастэрыі патлумачыў сітуацыю з некаторымі манаскімі супольнасцямі


RealAudioMP3 Перад пачаткам Году кансэкраванага жыцця, запланаванага на 2015 год, ужо павінны быць вядомы канчатковыя вынікі візітацыі жаночых манаскіх супольнасцяў у ЗША праведзенай Святым Пасадам. Яна адбывалася ў 2009-2010 гадах. Аб гэтым паведаміў сакратар Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, арцыбіскуп Хасэ Радрыгес Карбальё. Візітацыя прайшла па ініцыятыве тагачаснага прэфекта Кангрэгацыі, кардынала Франка Радэ, каб высветліць, чаму адбылося значнае зніжэнне колькасці законніц у ЗША з 60-х гадоў мінулага стагоддзя.

Цяперашні прэфект дыкастэрыі, кардынал Жуан Браз дэ Авіс патлумачыў, што візіт не мае нічога агульнага з загадам Кангрэгацыі Веравучэння ў 2012 г. рэфармаваць Канферэнцыю вышэйшых настаяцельніц жаночых манаскіх кангрэгацый ЗША. Сітуацыя была звязана з сумненнямі ў вернасці законніц вучэнню Касцёла ў галіне абортаў, эўтаназіі, пасвячэння жанчын, гомасэксуалізму і г.д.

Падчас прэс-канферэнцыі ў Ватыкане 31 студзеня 2014 г., прэфект і сакратар Кангрэгацыі выказаліся на тэму вызначэння ў жніўні 2013 г. камісара для назірання за мужчынскай манаскай супольнасцю Францішканаў Беззаганнай. Папа абавязаў іх да цэлебрацыі літургіі ў звычайным абрадзе, прынятым пасля ІІ Ватыканскага Сабору. Арцыбіскуп Карбальё патлумачыў, што вылучэнне камісара было вынікам апостальскай візітацыі, падчас якой 74% членаў манаскай супольнасці папрасілі ў пісьмовай форме тэрміновага ўмяшання Святога Пасаду ў вырашэнне унутраных праблем. Ён дадаў, што навязванне з боку генеральнага настаяцеля надзвычайнага абраду цэлебрацыі Эўхарыстыі не было галоўным матывам гэтага рашэння.







All the contents on this site are copyrighted ©.