2014-02-01 10:41:49

Аўстрыйскі кардынал пасля “ad limina”: стыль Францішка будзе ўзорам для нас


RealAudioMP3 “Дарожнай картай” для аднаўлення місіі Касцёла ў Аўстрыі назваў кардынал Крыстаф Шонборн пасланне папы Францішка да мясцовых біскупаў, прымеркаваны да візіту “ad limina Apostolorum”. Пантыфік выказаў вельмі рэалістычны погляд на становішча Касцёла ў краіне. Ён назваў недахопы, а таксама сферы, дзе адбываюцца станоўчыя працэсы: дабрачыннасць, касцёльная адукацыя, ахова здароўя. На думку арцыбіскупа Венскага, іерархам важна было пачуць, што Касцёл павінен выходзіць да людзей, быць бліжэй да народа. Менавіта гэта дапаможа запабегчы зыходу з Касцёла шматлікіх вернікаў, што назіраецца зараз у Аўстрыі.

Кардынал Шонборн распавёў агенцтву “Kathpress” пра сітуацыю, якую ён сам назіраў, калі Папа падсеў да ватыканскіх прыбіральшчыць, якія вячэралі, каб ім не прыйшлося есці ў адзіночку. Так Францішак адносіцца да людзей у паўсядзённым жыцці, і жадае, каб Касцёл у Аўстрыі ішоў падобным шляхам,
сказаў іерарх.

Уразіў аўстрыйскага кардынала і сам стыль паслання Папы да біскупаў. Там бачны пошук дыялогу, “яго камунікатыўны стыль будзе ўзорам для нас біскупаў”, сказаў старшыня Канферэнцыі Біскупаў і дадаў, што Францішак устанавіў планку для Касцёла ў Аўстрыі вельмі высока, “але гэта вельмі добра”.


Пасля некалькіх дзён прабывання ў Ватыкане кардынал Шонборн сцвердзіў, што: “Рэформа Касцёла ўжо ідзе. Але яна адбываецца праз Евангелле і людзей, якія жывуць паводле Евангелля і выпраменьваюць яго радасць. Таму, гэта аднаўленне ўжо зараз адчуваецца”.







All the contents on this site are copyrighted ©.