2014-01-31 12:43:34

Францішак: навучанне Касцёла – не абстрактная тэорыя


RealAudioMP3 31 студзеня 2014 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі кіраўнікоў і супрацоўнікоў Кангрэгацыі Веравучэння. Сустрэча была прымеркавана да заканчэння пленарнага пасяджэння гэтай дыкастэрыі, якое праходзіла ў Ватыкане. Звяртаючыся да прысутных Пантыфік адзначыў важнасць развіцця і абароны каталіцкай веры і абрадаў, што з’яўляецца непасрэдным заданнем Кагрэгацыі. “Калі вера ззяе ва ўсёй сваёй прастаце і першапачатковай чысціні, таксама і касцёльная рэальнасць становіцца месцам у якім жыццё Божае праяўляецца ва ўсім сваім зачараванні і прыносіць плады. Вера ў Езуса Хрыста, сапраўды, расчыняе сэрцы на Бога, адкрывае прасторы чалавечага існавання на Праўду, Дабро і Прыгажосць, якія паходзяць ад Яго”, - сказаў Папа. Святы Айцец заўважыў, што з самага пачатку існавання Касцёла існавалі спакусы разумець касцёльнае навучанне ў ідэалагічным сэнсе ці абмяжоўваць яго, зборам абстрактных і выкрышталізаваных тэорый.

“У рэальнасці, навучанне мае адзіную мэту – служыць жыццю Божага Народа і забяспечваць нашай веры моцны фундамент. Вялікай з’яўляецца спакуса зрабіць уласнымі дары збаўлення, якія паходзяць ад Бога, каб атаясаміць іх – магчыма нават з добрымі намерамі – з бачаннем і духам свету”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак нагадаў членам Кангрэгацыі Веравучэння пра важнасць калегіяльнасці і дыялога ў працы. Касцёл – гэта адзінства і мы пакліканы спрыяць гэтаму адзінству на ўсіх узроўнях, перакананы Папа. “Я перакананы, што чым больш калегіяльнасць будзе станавіцца яскравай прыкметай нашай дзейнасці, тым больш заззяе перад светам святло нашай веры”, - сказаў ён.

Святы Айцец не пакінуў па-за ўвагай і адну з галоўных тэмаў, якую члены дыкастэрыі абмяркоўвалі падчас свайго пасяджэння – адносіны паміж верай і сакрамэнтам сужэнства. Францішак адзначыў яе асаблівую важнасць, у зменлівым культурным кантэксце сучаснасці.

Папа падзякаваў Кангрэгацыі Веравучэння за працу па барацьбе з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле. “Клапаціцеся пра дзяцей і моладзь, якія ў хрысціянскай супольнасці заўсёды павінны быць абаронены і падтрыманы ў чалавечым і духоўным росце”, - сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.