Папа сустрэнецца з членамі “Нэакатэхуменальнага шляху”
1 лютага 2014 г. папа
Францішак сустрэнецца з вялікай групай членаў руху “Нэакатэхуменальны шлях”. Гаворка
ідзе пра амаль 10 тыс. чалавек з усяго свету, многія з якіх рыхтуюцца пакінуць свае
дамы, каб адправіцца сведчыць аб евангельскім жыцці на розных кантынентах. Сярод прысутных
на аўдыенцыі будуць амаль 1500 місіянераў, якія сёлета накіруюцца ў краіны Азіі, Еўропы,
Амерыкі і ў Аўстралію. Яны аб’яднаны ў групы, кожная з якіх складаецца з пяці сем’яў,
святара, семінарыста і трох законніц, адзначае сённяшняе “L’Osservatore Romano”. Перш
чым вырушыць на місію, яны атрымаюць благаслаўленне Святога Айца, які ўжо сустракаўся
з Кіка Аргуэлья і Кармэн Эрнандэс – ініцыятарамі “Неакатэхуменальнага шляху”. У 2012
г. вялікую групу членаў гэтага руху прымаў папа Бэнэдыкт XVI. Ён таксама благаславіў
іх на місійную дзейнасць. "Нэакатэхуменальны шлях” надае асаблівую ўвагу Азіі, дзе
міліярды людзей ніколі ў жыцці не чулі паслання Езуса Хрыста. Сёлета на гэты кантынент
адправіцца 17 місійных груп. Гэты накірунак падтрымлівае таксама і папа Францішак,
які ўжо адзначыў, што “евангелізацыя ў трэццім тысячагоддзі пройдзе праз Азію”.
“L’Osservatore
Romano” падкрэслівае, што мінула ўжо больш за 10 гадоў калі першыя місійныя групы
адправіліся ў краіны Еўропы, і сёння плёны іх евангелізацыйнай дзейнасці ўжо відавочны
ў Францыі, Германіі, Галандыі, Венгрыі, Украіне.
На сённяшні дзень “Нэакатэхуменальны
шлях” дзейнічае ў 124 краінах свету, у тым ліку ў Беларусі. Ён налічвае больш за 20
тыс. супольнасцяў, якія складаюцца з амаль 300 тыс. чалавек.