2014-01-30 13:20:28

Папа да выкладчыкаў: сведчыць пра адпаведнасць хрысціянства поўнаму і сапраўднаму жыццю


RealAudioMP3 30 студзеня 2014 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі кіраўніцтва амерыканскага каталіцкага ўніверітэта “Нотр-Дам”. Ён быў заснаваны ў 1842 г. у штаце Індыяна, членам Кангрэгацыі Святога Крыжа а. Эдвардам Сорынам. Аўдыенцыя ў Пантыфіка была прымеркавана да адкрыцця ў Вечным горадзе філіяла гэтай навучальнай установы – Рымскага ўніверсітэцкага цэнтра. Звяртаючыся да прысутных, Францішак выказаў упэўненасць, што новая структура дапаможа студэнтам устанавіць кантакт з выключным гістарычным, культурным і рэлігійным багаццем Рыма, а таксама адкрые іх сэрцы і розум на працягласць, якая існуе паміж верай апосталаў, вызнаўцаў і мучанікаў і верай, якую хрысціяне атрымліваюць у сваіх сем’ях і парафіях. Святы Айцец падкрэсліў, што ўніверсітэт “Нотр-Дам” ад самага свайго заснавання спрыяў развіццю Каталіцкага Касцёла ў ЗША, даючы моладзі рэлігійную адукацыю і “навучанне, натхнёнае даверам да гармоні паміж верай і розумам на шляху да праўды і сумленнасці”. Папа падзякаваў прадстаўнікам універсітэта за дзейнасць па ўмацаванні каталіцкага навучання ў пачатковых і сярэдніх школах Злучаных Штатаў.

Паводле Пантыфіка, натхненне, якое кіравала заснавальнікамі навучальнай установы застаецца актуальным таксама ў зменлівых абставінах ХХІ ст. Францішак нагадаў пра важнасць місійнага характару, які павінны мець усе касцёльныя структуры і асабліва каталіцкія універсітэты. Яны, на думку Святога Айца, пакліканы дэманстраваць гармонію паміж верай і розумам і рабіць відавочнай адпаведнасць хрысціянскага паслання поўнаму і сапраўднаму жыццю чалавека. Папа адзначыў, што ў дадзеным кантэксце сутнасна важна сведчанне аб маральным навучанні Касцёла і абарона свабоды навучання яму ў адукацыйных структурах Касцёла.

“Жадаю, каб універсітэт “Нотр-Дам” працягваў даваць сваё незаменнае і неад’емнае сведчанне гэтага фундаментальнага аспекту каталіцкай ідэнтычнасці, асабліва перад спробамі зрабіць яго размытым, з якіх бы бакоў яны не паходзілі”, - сказаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.