2014-01-30 14:02:06

Пантыфік прызначыў новага старшыню Бюро фінансавай інфармацыі


RealAudioMP3 Папа Францішак здзейніў змены ў структуры Бюро фінансавай інфармацыі Апостальскай Сталіцы. 30 студзеня 2014 г. ён прызначыў на пасаду старшыні “ad interim” (выконваючага абавязкі) гэтай структуры італьянскага біскупа Джорджыа Карбеліні. Апошні добра знаёмы з дзейнасцю ватыканскіх структур – на службе Святому Пасаду ён знаходзіцца з 1985 г. У перыяд паміж 1993 і 2011 гадамі іерарх быў падсакратаром Губернатарата Дзяржавы Ватыкан. Разам з Бюро фінансавай інфармацыі ён працягне кіраваць Аддзелам працы Апостальскай Сталіцы і Дысцыплінарнай камісіяй Рымскай курыі, старшынёй якіх з’яўляецца.

Новае прызначэнне звязана з адстаўкай кардынала Аціліа Нікоры з пасады старшыні Бюро фінансавай інфармацыі. Аб ёй Святога Айца папрасіў сам пурпурат. Ён узначальваў структуру з моманту яе заснавання 30 снежня 2010 г. і быў адным з ініцыятараў першых крокаў Апостальскай Сталіцы на шляху да поўнай фінансавай празрыстасці і далучэння да міжнародных стандартаў у сферы супрацьдзеяння адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму.








All the contents on this site are copyrighted ©.