2014-01-29 10:13:01

У Ватыкан штотыдзень надыходзіць 30 паштовых мяшкоў карэспандэнцыі да Папы


RealAudioMP3 Ужо некалькі месяцаў на Ватыкан зыходзіць “лавіна” лістоў. Папа Францішак сведчыць аб сваёй блізкасці да свету, і свет адказвае на яе ўзаемнасцю. Кожны тыдзень у Дом св. Марты, на адрас Пантыфіка, надыходзіць каля 30 паштовых мяшкоў, а ў іх некалькі тысяч лістоў і пасылак на імя Францішка. Сам Папа не можа прачытаць усіх. У гэтым яму дапамагае каманда з чатырох чалавек, якая працуе ў Апостальскім палацы пад кіраўніцтвам кс. Джуліяна Галарыні.

“Людзі просяць Францішка перш за ўсё аб умацаванні і малітве, - прызнаўся святар. - Многія пішуць яму пра свае праблемы і хваробы. Просяць малітвы за дзяцей. Пішуць пра матэрыяльныя цяжкасці. Мы хочам, каб гэтыя людзі мелі магчымасць адчуць блізкасць Папы, які цікавіцца іх цярпеннем, іх праблемамі і моліцца за іх усіх”. Кс. Галарыні паведаміў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, што часам, на колькі гэта магчыма, лісты адпраўляюцца ў іншыя органы Святога Пасаду, напрыклад, просьбы аб фінансавай дапамозе ў мясцовыя аддзяленні “Caritas”, якія лепш могуць разабрацца ў сітуацыі і эфектыўна адрэагаваць.

Некаторыя з тысяч лістоў, якія кожны тыдзень надыходзяць на імя Францішка, ідуць на стол самаго Святога Айца. Іх выбар з’яўляецца адказнай задачай, прызнаўся кс. Галарыні. “Гаворка ідзе пра найбольш далікатныя выпадкі, напрыклад, пытанні, звязаныя з сумленнем. Тады рыхтуецца рэзюмэ і праз сакратароў дастаўляецца Папе, каб ён сам пазнаёміўся з гэтым, прачытаў і падказаў, як мы павінны адказаць”, - паведаміў святар. Ён прызнаўся, што падобная праца патрабуе вялікай неабыякавасці, каб прачытаць гэтыя лісты сэрцам і знайсці словы, што найбольш поўна адлюстроўваюць волю Папы, які жадае сведчыць людзям блізкасць і спагаду.







All the contents on this site are copyrighted ©.