2014-01-29 10:49:05

Ватыканскі дыпламат аб сітуацыі ў Сірыі


RealAudioMP3 Пагадненне аб спыненні агню, адкрыццё гуманітарных калідораў, а таксама вызваленне закладнікаў, гэта, на думку Апостальскага нунцыя ў Сірыі, найбольш актуальныя рэчы для ахопленай крывавай вайной краіны. Арцыбіскуп Марыё Дзэнары таксама лічыць, што трэба мужна і стойка працягваць дыялог. Ён нагадаў пра гэта ў сувязі з мірнымі перамовамі, якія працягваюцца ў Жэневе, і якія да гэтага часу не прынеслі канкрэтных вынікаў.

“Гэта не лёгкая задача, як Касцёл трываць пры хрысціянах і паслядоўніках іншых рэлігій, якія пакутуюць і маюць патрэбу ў падтрымцы. Важная, вядома, матэрыяльная дапамога, але лічыцца таксама сама прысутнасць. Трэба прыкласці ўсе магчымыя намаганні па аднаўленні міру, нават калі цяперашнія цяжкасці ўяўляюцца немагчымымі для пераадолення”, - сказаў нунцый у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. На яго думку, важныя усе, нават самыя маленькія крокі ў бок міру.

Папскі легат нагадаў пра драматычную гуманітарную сітуацыю ў Сірыі. Напрыклад, у горадзе Хомс 3,5 тыс. чалавек жывуць у аблозе ўжо паўтара года. Сярод іх 65 хрысціян, з якімі застаўся галандскі езуіт. У падобнай сітуацыі жыве 2,5 млн. сірыйцаў. Таму вялікім дасягненнем, паводле арцыбіскупа Дзэнары, было б адкрыццё гуманітарных калідораў, каб прынесці дапамогу людзям, якія пакутуюць з-за дзеянняў канфліктуючых бакоў.

Іерарх нагадаў, што з моманту пачатку вайны ў краіне зніклі бясследна некалькі тысяч чалавек. Многія былі выкрадзены з мэтай выкупу, іншыя ў палітычных мэтах. “Да канца не вядома, што стаіць за выкраданнем духавенства”, - сказаў арцыбіскуп. Амаль год няма ніякіх вестак аб праваслаўных мітрапалітах Алепа, двух каталіцкіх святарах і выкрадзеным шэсць месяцаў таму італьянскім езуіце. У той жа час, ёсць прыкметы таго, што 12 выкрадзеных законніц адчуваюць сябе добра. Выкрадальнікі час ад часу дазваляюць ім звязвацца па тэлефоне з іх манаскай супольнасцю, паведаміў ватыканскі дыпламат.







All the contents on this site are copyrighted ©.