2014-01-28 17:31:32

Пантыфік заклікаў членаў Папскіх акадэмій да місійнага падыходу да навукі


RealAudioMP3 На важнасць даследавання сувязі паміж верай і праўдай, “не толькі вачыма розуму”, але і “з пункту гледжання любові”,звярнуў увагу папа Францішак у сваім звароце да Каардынацыйнай рады Папскіх акадэмій і яе старшыні, кардынала Джанфранка Равазі. Менавіта ў гэтым перапляценні веры з любоўю мы можам атрымаць сапраўднае ўяўленне аб веры, сіле яе пераканання, яе здольнасці асвятляць наш шлях, спаслаўся Пантыфік на сваю энцыкліку “Lumen Fidei”. У перыяд пасля Уваскрэсення Езуса, нагадаў Папа, яго вучні сузіралі не нейкую абстрактную праўду, але ісціну, якая засноўвалася на іх уласнай сустрэчы з Уваскрослым, на сузіранні яго жыцця, яго таямніц. Разуменне гэтага важна для маральнага жыцця вернікаў, паколькі сёння праўда часта зводзіцца да “суб’ектыўнай аўтэнтычнасці адзінкі”, заўважыў Святы Айцец. На яго думку, “вялікая ісціна палохае нас”, паколькі мы часта атаясамліваем яе з “бескампрамісным таталітарызмам”. На самой справе, праўду трэба аўспрымаць як нешта, што раскрываецца ў асабістай сустрэчы з Богам і бліжнімі. Толькі такі падыход вызваляе ад закрыцця ў сабе і дапамагае зрабіць уклад у агульнае дабро.

Францішак заклікаў членаў Папскіх акадэмій да місійнага падыходу да навуковай дзейнасці, да “трансфармацыі”, якая дазволіць не пазбавіць Касцёл іх укладу. Гаворка не ідзе пра нейкія знешнія пераўтварэнні, але пра большую засяроджанасць “на асноўным”, на тым, што з’яўляецца найбольш неабходным, не губляючы глыбіні і праўды. Пантыфік папрасіў у членаў Папскіх акадэмій “кваліфікаванага супрацоўніцтва на службе місіі ўсяго Касцёла”.

Пантыфік выказаў сваё задавальненне тым, што сёлетнюю спецыяльную ўзнагароду Папскіх акадэмій атрымалі два маладых навукоўцы за даследаванне твораў св. Тамаша Аквінскага: Алесандра Клеменцыа і Марыя Сільвія Вакарэца. На думку Святога Айца, гэта заахвоціць іншых маладых тэолагаў унесці свой ​​уклад у справу “стварэння новага хрысціянскага гуманізму”.

Пантыфік падзякаваў акадэмікам за плённае супрацоўніцтва “у адпаведных галінах даследаванняў”.







All the contents on this site are copyrighted ©.