2014-01-27 12:10:17

Прадстаўнік Святога Пасаду: у Папы юнацкі падыход да абвяшчэння Евангелля


RealAudioMP3 Папа Францішак дапаможа Касцёлу ў Польшчы нанова распачаць з энтузіязмам абвяшчаць Евангелле, сказаў кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду перад маючым адбыцца візітам „ad limina Apostolorum” польскіх біскупаў у Ватыкан. У інтэрв’ю для польскага тэлебачання ён паінфармаваў аб падрыхтоўцы да кананізацыі благаслаўлёных Яна XXIII і Яна Паўла II і аб запланаваным на май візіце Францішка ў Святую Зямлю.

На пытанне, як цяперашні Папа можа змяніць Касцёл у Еўропе і ў Польшчы, прадстаўнік Апостальскай Сталіцы адказаў: “Я лічу, што асабістая сустрэча польскіх біскупаў з Францішкам стане ключавым момантам іх візіту, таму што можна выразна бачыць, як Святы Айцец аднавіў спосаб абвяшчэння Евангелля ў сучасным свеце, выклікаючы новы місійны запал, энтузіязм і адвагу”. На яго думку, Пантыфік мае “юнацкі падыход да абвяшчэння Евангелля”, а Еўропа ў гэтым сэнсе крыху састарэліа. Кс. Ламбардзі заўважыў, што Папа ставіць моцны акцэнт на станоўчай сутнасці паслання, што Бог любіць усіх. І гэта адна з галоўных прычын, чаму яму ўдаецца прыцягнуць людзей да Бога і стымуляваць пазітыўнае стаўленне як вернікаў, так і тых, хто жыве па-за Касцёлам.

Святар адзначыў, што Святы Айцец мае “выдатную здольнасць камунікацыі з іншымі людзьмі”, не стварае дыстанцыі і застаецца пры гэтым далікатным. Гэта ўсё, вядома, важна, дадаў кс. Ламбардзі, але трэба памятаць, што гэта ўсяго толькі спосаб пераказу нечага значна больш важнага.

Адказваючы на пытанне аб падрыхтоўцы да кананізацыі благаслаўлёных Яна XXIII і Яна Паўла II, святар сказаў, што Бэнэдыкт XVI не будзе ўдзельнічаць у кананізацыйнай св. Імшы. Ён адчувае сябе добра, але гэта ўжо пажылы чалавек і не можа ўдзельнічаць у такой працяглай цырымоніі. Кс. Ламбардзі лічыць, што Францішак хоча кананізаваць разам двух Пантыфікаў, бо адзін натхніў і пачаў ІІ Ватыканскі Сабор, а другі ўвёў у практыку Касцёла яго пастановы.

Папа Францішак у канцы мая наведае Святую Зямлю. Па словах прадстаўніка Святога Пасаду, кожны Пантыфік жадае паехаць туды, бо там карані хрысціянства. Таму пілігрымкі туды здзейснілі папярэднікі Францішка: Павел VI, Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI. “Папы заўсёды прыносілі туды з сабой пасланне міру, дыялогу і паяднання, якое павінна было дапамагчы пераадолець напружанасць і канфлікты на гэтай зямлі паміж рознымі рэлігійнымі і этнічнымі супольнасцямі, і нават паміж рознымі хрысціянскімі канфесіямі. Пасланне Францішка будзе пасланнем міру і паяднання для ўсіх”, - сказаў кс. Фэдэрыка Ламбардзі.

Як паінфармаваў святар, трывае праца над пілігрымкай Пантыфіка ў Паўднёвую Карэю. Святы Айцец таксама атрымаў запрашэнне на Філіпіны, але ў гэтым годзе рэалізаваны можа быць толькі візіт у Карэю.







All the contents on this site are copyrighted ©.