2014-01-27 13:50:58

Папа ўласнаручна напісаў ліст на Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста


RealAudioMP3 Ніколі больш жаху Халакоста, які з’яўляецца ганьбай для чалавецтва, напісаў папа Францішак 27 студзеня 2014 г., у Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста, у лісце да свайго сябра, рабіна Буэнас-Айрэса, Абрагама Скоркі. Пантыфік абраў самы асабісты спосаб, ліст да чалавека, сяброўства з якім выходзіць далёка за рамкі дыялогу паміж дзьвума рэлігіямі, каб выказаць сваю блізкасць да яўрэйскага народу. Ён напісаны Святым Айцом уласнаручна на іспанскай мове. У пасланні, якое будзе чытацца сёння ўвечары ў Рыме падчас канцэрту “Скрыпкі надзеі” – мерапрыемства, арганізаванага ў памяць аб ахвярах Халакоста – Папа выказвае надзею, што слухачы гэтай пранізлівай музыкі будуць “ідэнтыфікаваць сябе з тымі гістарычнымі слёзамі, якія сёння прыходзяць да нас праз гучанне скрыпак, і адчуваць моцнае жаданне спрыяць таму, каб ніколі не паўтарыліся падобныя жахі, якія з’яўляюцца ганьбай для чалавецтва”. Удзельнікі канцэрту, напісаў Пантыфік, слухаючы музыку Вівальдзі, Бетховена і іншых вялікіх кампазітараў, несумненна, адчуюць, што “унутры гукаў жывой музыкі ціха гучаць гістарычныя слёзы, слёзы тых, хто заставіў след на душы і целе народаў”.

У сённяшнім канцэрце будуць гучаць дванаццаць скрыпак і віяланчэль, якія перажылі Халакост. Іх аднавіў ізраільскі скрыпічны майстар Амнон Вайнштэйн. Сярод іх, скрыпка, што суправаджала тых, каго вялі ў газавыя камеры Асвенцыма, а таксама скрыпка, кінутая яўрэямі з цягніка па дарозе ў лагер, якую забраў і захаваў французскі рабочы. Сёння будуць граць інструменты яўрэйскіх музыкантаў, якія ў 1936 г. пакінулі Германію, каб стварыць Сімфанічны аркестр Палестыны, што ўратавала іх ад дэпартацыі ў лагеры смерці. Сімвалічна, што скрыпачы-салісты канцэрту з’яўляюцца прадстаўнікамі трох монатэістычных рэлігій, што, паводле арганізатараў, падкрэслівае сілу музыкі пераўзыходзіць межы і даваць надзею нават падчас самых страшных выпрабаванняў.







All the contents on this site are copyrighted ©.