2014-01-26 14:44:04

Папа перад “Анёл Панскі”: Пан заклікае нас працаваць у “Галілеі” нашага часу (поўны тэкст)


RealAudioMP3 “Пан заклікае нас ісці з Ім і з Ім працаваць для Божага Валадараства, у “Галілеі” нашага часу”, - сказаў папа Францішак падчас малітвы “Анёл Панскі” 26 студзеня 2014 г. Святы Айцец перасцярог, каб мы не пагружаліся ў “Галілеі язычнікаў” і не паддаваліся спакусе пабудовы агароджаў, каб быць больш бяспечнымі і ахоўванымі. Папа асабліва цёпла прывітаў моладзь з італьянскай Каталіцкай Акцыі рымскай дыяцэзіі, якая прыбыла на плошчу св. Пятра на заканчэнне “Каравана міру”. На знак міру ў свеце з вакна Апостальскага палацу юнак і дзяўчына разам са Святым Айцом выпусцілі два голубы міру. “Евангелле сённяшняй нядзелі расказвае пра пачатак публічнага жыцця Езуса ў гарадах і вёсках Галілеі. Яго місія не пачынаецца з Іерусаліма, гэта значыць з рэлігійнага, сацыяльнага і палітычнага цэнтра, але з перыферыйных тэрыторый, якімі пагарджалі гэбрэі, якія моцна захоўвалі рэлігійныя прынцыпы, з-за прысутнасцйі ў іх розных груп насельніцтва; таму прарок Ісая называе гэту тэрыторыю “Галілеяй язычнікаў” (Іс 8,23).

Гэта зямля, якая ляжыць на мяжы, транзітная тэрыторыя, дзе сустракаліся людзі розных расаў, культур і рэлігіі. Галілея становіцца, такім чынам, сімвалічным месцам для адкрыцця Евангелля ўсім народам. З гэтага пункту гледжання Галілея нагадвае сучасны свет: з суіснаваннем розных культур, з неабходнасцю сустрэч і канфрантацый. Таксама і мы пагружаемся кожны дзень у “Галілею язычнікаў”, і ў гэтым кантэксце мы можам спалохацца і паддацца спакусе пабудовы агароджаў, каб быць больш бяспечнымі і ахоўванымі. Але Езус вучыць нас, што Добрая Навіна не абмяжоўваецца толькі кіраваннем да адной часткі чалавецтва, але трэба яе перадаваць ўсім. Гэта Радасная Навіна скіравана да ўсіх, хто яе чакае, але таксама і да тых, якія, магчыма, не чакаюць нічога і нават не маюць сіл, каб шукаць і прасіць яе.

Адпраўляючыся з Галілеі Езус вучыць нас, што ніхто не выключаны з Божага збаўлення, але наадварот, Бог жадае пачаць з перыферый, ад апошніх, каб дасягнуць усіх. Ён вучыць нас метаду, Яго метаду, які выражае змест, гэта значыць міласэрнасць Айца. “Кожны хрысціянін і кожная супольнасць павінны распазнаць, якім шляхам павінны крочыць паводле закліку Пана, аднак мы ўсе запрошаны да прыняцця гэтага закліку: выйсці са свайго камфорту і мець адвагу дасягнуць усе перыферыі, якія маюць патрэбу ў святле Евангелля” ( Апос. адгартацыя “Evangelii Gaudium” , 20).

Езус пачынае сваю місію не толькі з дэцэнтралізаванага месца, але таксама і ад людзей, якіх можна назваць “нізкага профілю”. Каб выбраць сваіх першых вучняў і будучых апосталаў, Ён не звяртаецца да школаў кніжнікаў і знаўцаў Закона, але да пакорных і простых людзей, якія ад усяго сэрца рыхтуюцца да надыходу Божага Валадарства. Езус пайшоў паклікаць іх там, дзе яны працавалі: на бераг возера, бо былі рыбакамі. Ён паклікаў іх, і яны неадкладна пайшлі за Ім. Пакінулі свае сеткі і пайшлі разам з Ім: іх жыццё стане надзвычайнай і займальнай прыгодай.

Дарагія сябры, Пан кліча таксама і сёння! Ён ходзіць па вуліцах нашага паўсядзённага жыцця; заклікае нас ісці з Ім і каб мы працавалі з Ім для Божага Валадараства, у “Галілеі” нашага часу. Дазволім, каб дайшоў да нас Яго позірк, Яго голас і пойдзем за Ім! “Каб радасць Евангелля дасягнула аж да краю зямлі, і каб ніводная перыферыя не была пазбаўлена яго святла” (“Evangelii Gaudium” 288)”.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Папа прывітаў вернікаў і пілігрымаў прысутных на плошчы св. Пятра. Пантыфік нагадаў, што ў бліжэйшыя дні мільёны людзей, якія жывуць у краінах Далёкага Усходу, між іншым, у Кітаі, Карэі і В’етнаме, будуць святкаваць пачатак новага лунанага года. “Няхай незгасальнае імкненне да братэрства, якое жыве ў іх сэрцах, знойдзе прывілеяванае месца ў сям’і, дзе зможа быць адкрытае і зрэалізаванае. Гэта будзе каштоўны ўклад у пабудову больш чалавечага свету, у якім пануе мір”, - пажадаў Пантыфік.

Я. Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.