Папа да жанчын: дзейнасць у жыцці грамадства – важная, але не забываць пра ролю ў
сям’і
25 студзеня 2014 г.
папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельніц нацыяльнага кангрэса “Італьянскага жаночага
цэнтра” – асацыяцыі, якая дзейнічае ў грамадскай, сацыяльнай і культурнай сферах спрыяючы
салідарнай дэмакратыі і павазе да правоў і годнасці чалавека, згодна з духам хрысціянскіх
прынцыпаў, італьянскіх і міжнародных прававых нормаў. Члены “Жаночага цэнтра” называюць
сябе “асацыяцыяй жанчын, верніц, грамадзянак”. Іх арганізацыя была заснавана ў кастрычніку
1944 г. і сёлета адзначыць 70-годдзе сваёй дзейнасці. Звяртаючыся да прысутных на
аўдыенцыі папа Францішак падзякаваў ім за сведчанне аб ролі жанчыны ў жыцці грамадства
і Касцёла, а таксама за працу ў адукацыйнай і грамадскай сферах. Францішак нагадаў,
пра асаблівую жаночую “чуласць і інтуіцыю да іншых, слабых і безабаронных”. Ён выказаў
задавальненне з таго, што шматлікія жанчыны, “падзяляюць душпастырскую адказнасць
са святарамі ў суправаджэнні асобаў, сем’яў і групаў, а таксама ў тэалагічным разважанні”.
Акрамя таго, Папа пажадаў, “каб павялічылася прастора для больш шырокай і актыўнай
жаночай прысутнасці ў Касцёле”.
Святы Айцец, аднак падкрэсліў, што дзейнасць
жанчын у публічнай сферы, не павінна прывесці да забыцця аб “неад’емнай ролі жанчыны
ў сям’і”. “Дары пяшчотнасці, асаблівай чуласці і ласкавасці, якімі багата жаночая
душа, з’яўляюцца не толькі сапраўднай сілай для жыцця сем’яў, для распаўсюджвання
атмасферы супакою і гармоніі, але таксама рэчаіснасцю, без якой пакліканне чалавека
не магло б рэалізавацца”, - сказаў Папа. Пантыфік дадаў, што “прысутнасць жанчыны
ў хатнім асяродку з’яўляецца як ніколі неабходнай” для “перадачы будучым пакаленням
моцных маральных прынцыпаў і самой веры”.
Звяртаючыся да жанчын, Святы Айцец
заклікаў іх прабываць у пастаяннай малітве, дыялогу з Богам і Яго словам, удзельнічаць
у сакрамэнтах, што дапаможа зрабіць гарманічнай іх прысутнасць ў грамадскай, касцёльнай
і сямейнай сферах.