2014-01-24 12:42:16

Святы Айцец да касцёльных суддзяў: за кожным працэсам стаяць людзі


RealAudioMP3 Прававое і душпастырскае вымярэнні не знаходзяцца ў Касцёле ў апазіцыі да сябе, наадварот, яны служаць дасягненню адзінства яго дзеянняў, адзначыў Пантыфік, звяртаючыся да супрацоўнікаў Трыбуналу Рымскай Роты 24 студзеня 2014 г. Нагодай для сустрэчы ў Ватыкане стала адкрыццё судовага году ў гэтай установе. “Прававая дзейнасць Касцёла, сфарміраваная як паслуга для ісціны ў справядлівасці, мае глыбока душпастырскае адценне, таму што знаходзіць сваю рэалізацыю ў карысці вернікаў і стварэнні хрысціянскай супольнасці”, - адзначыў Папа. На яго думку, прававое служэнне з’яўляецца рэальнай “дыяконіяй”, паслугай для Божага народу, у тым ліку дзякуючы дапамозе у вырашэнні душпастырскіх праблем.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, якім павінен быць касцёльны суддзя. Першым ён назваў чалавечае вымярэнне. Суддзя, на яго думку, павінен адзначацца чалавечай сталасцю, якая выяўляецца ў “яснасці суджэння” і “дыстанцыраванасці ад асабістых поглядаў”. Ён павінен быць інтэрпрэтатарам так званага “animus communitatis” (духа супольнасці) і адмовіцца ад фармалізму і абстрактнасці, адказваючы на патрэбы рэальнасці. Менавіта гэта дапаможа глыбока ўнікнуць у сітуацыю чалавека. Другі аспект, на які звярнуў увагу Пантыфік, судовы. Суддзя павінен быць сапраўдным экспертам у галіне права, адзначацца аб’ектыўнасцю і справядлівасцю суджэння, непарушнасцю і непрадузятасцю.Трэцім аспектам з’яўляецца душпастырскі, які праяўляецца ў “сапраўдным духу служэння” і клопаце пра раны Божага народу.

Працу Трыбуналу Рымскай Роты папа Францішак назваў “унікальнай паслугай Божай любові, блізкай кожнаму чалавеку”. “Калі вы здзяйсняеце судовую працу, не забывайцеся, што вы пастыры! За кожным працэсам, кожнай справай стаяць людзі, якія чакаюць справядлівасці”, - нагадаў Пантыфік.







All the contents on this site are copyrighted ©.