2014-01-24 11:51:54

Пантыфік: не будаваць “Берлінскіх сцен” у чалавечых сэрцах


RealAudioMP3 Не проста будаваць дыялог з іншымі, асабліва, калі нас аддзяляе ад іх крыўда. Але хрысціянін заўсёды шукае шляхоў прымірэння і пакоры, бо менавіта гэтаму вучыў Езус, адзначыў Святы Айцец падчас ранішняй Эўхарыстыі 24 студзеня 2014 г. Я зламаюся, але не схілюся, працытаваў Папа адно з прыслоўяў і супрацьставіў яму хрысціянскую мудрасць – схіліцца, каб не зламацца. Два адрозныя погляды на жыццё – першым, з яго цвёрдасцю, лёгка будаваць муры для адсутнасці зносін паміж людзьмі, для нянавісці. Другім – наводзіць масты ўзаемаразумення, асабліва пасля канфлікту. Але, тут патрэбна адна ўмова – папярэдзіў Пантыфік – пакора. Натхненнем для гаміліі Святога Айца стаў канфлікт паміж Саўлам і Давідам. Менавіта апошні меў магчымасць забіць, але абраў шлях набліжэння і высвятлення адносін – шлях дыялогу для будавання міру. Пантыфік заклікаў практыкаваць менавіта такі падыход, паколькі “мір ствараецца так – з пакорай, прыніжэннем, заўсёды спрабуючы разглядзець у іншым чалавеку вобраз Бога”.

“Дыялог – гэта цяжкая рэч”, - прызнаў Францішак, але тыпова хрысціянская. Крыўда заўсёды ізалюе, дадаў ён, таму трэба пераадольваць яе пакорай. Пакора – гэта заўсёды будаванне мастоў, адзначыў Святы Айцец і дадаў, што ў гэтым “сутнасць быцця хрысціянінам”. Не трэба доўгага перыяду чакання для прымірэння. Калі адбыўся канфлікт, як мага хутчэй павінна наступіць паяднанне, бо, чым больш праходзіць часу, тым большым становіцца мур паміж мной і бліжнім, звярнуў увагу Папа. Канфлікты – гэта не праблема, лічыць Францішак, сапраўднай праблемай з’яўляецца нежаданне прабачэння пасля іх. Ён заклікаў не будаваць “Берлінскіх сцен” у чалавечых сэрцах.

“Я баюся гэтых сцен, муроў, якія растуць кожны дзень і пашыраюць крыўды. Нават нянавісць”, - прызнаўся Святы Айцец і заклікаў будаваць паміж людзьмі масты, якія аб’ядноўваюць, а не муры, якія раздзяляюць.







All the contents on this site are copyrighted ©.