2014-01-24 13:29:19

Кардынал Кох пра экуменізм папы Францішка: ён усюды шукае адзінства


RealAudioMP3 Экуменізм, асабліва духоўны, вельмі важны для папы Францішка; ён усюды шукае адзінства, сказаў у інтэрв’ю нямецкаму агенцтву “KNA” кардынал Курт Кох. Менавіта экуменізм любові і сяброўства з’яўляецца для Святога Айца асновай для вядзення тэалагічнага дыялогу. Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству прызнаўся, што са зменай Пантыфіка ён не заўважае ніякіх істотных змен у арыентацыі сваёй працы, але зараз з’явілася магчымасць часцей сустракацца з Папам для абмеркавання бягучых пытанняў. Кардынал адзначыў, што Францішак аддае перавагу дыялогу з нейкай асобнай хрысціянскай супольнасцю. Папа адкрыты для ўсіх сустрэч, якія адыгрываюць важную ролю ў экуменічным руху.

Старшыня Папскай рады паведаміў, што нядаўна апублікаваны дакумент Маскоўскага Патрыярхату, у якім той выказвае свой погляд на першынства Біскупа Рыма, складае падвойную цяжкасць. Па-першае ставіць пад пытанне эфектыўнасць існавання міжнароднай тэалагічнай камісіі, якая складаецца з прадстаўнікоў 14 розных праваслаўных цэркваў, па-другое змяняе сутнасць дыялогу, які вёўся дагэтуль.

Кардынал Кох выказаўся і наконт перспектыў сустрэчы Папы і Патрыярха Маскоўскага. На яго думку, “гэта было асабліва цяжка падчас пантыфікату Яна Паўла II”, што мела падставы ў яго нацыянальнасці і складаных расійска-польскіх адносінах. Сёння такое спатканне іерарх назваў “больш верагодным”, але праваслаўны бок называе шэраг праблем, якія трэба вырашыць перад сустрэчай.

Адной з цэнтральных экуменічных падзей ватыканскі кардынал назваў запланаваную на гэты год сустрэчу папы Францішка з Патрыярхам Барталамеем І у Іерусаліме. Ён перакананы, што спатканне стане новым імпульсам для экуменізму, апрача таго, несумненна, актывізуе дыялог з юдаізмам.







All the contents on this site are copyrighted ©.