2014-01-23 11:20:19

Французскія католікі напісалі Францішку пра сваю сітуацыю


RealAudioMP3 Больш за 105 тыс. французскіх католікаў, у адпаведнасці з інфармацыяй агенцтва “AFP “, у асноўным моладзь, падпісалі петыцыю да папы Францішка перад запланаваным на 24 студзеня 2014 г. візітам у Ватыкан Франсуа Аланда. Яны просяць Святога Айца, каб падчас размовы з Прэзідэнтам выказаў занепакоенасць і незадаволенасць французскіх католікаў. Прычын для гэтага шмат. У першую чаргу, аўтары петыцыі нагадваюць аб устанаўленні інстытуту так званых гомасексуальных сужэнстваў, праз якія дзеці наўмысна былі пазбаўлены свайго асноўнага права на бацьку і маці. Гэтым таксама быў адкрыты шлях да гандлю чалавечым целам. Голас католікаў у гэтым пытанні быў праігнараваны і задушаны такім нягодным чынам, што гэта сустрэлася з асуджэннем з боку Савета Еўропы.

Аўтары нагадваюць, што католікі ў Францыі з’яўляюцца прадметам гвалтоўнай негатыўнай кампаніі ў СМІ. З іх беспакарана можна насмейвацца. Памнажаюцца акты вандалізму і прафанацыі, якія рэдка знаходзяць свой фінал у судзе. Імі не цікавяцца медыя і цяперашнія ўлады. Католікі сутыкаюцца з усё большым абмежаваннем свабоды слова. Нядаўна, напрыклад, “злачынства” перашкоды ў здзяйсненні аборту было распаўсюджана і на крытыку абортаў.

Французскія католікі таксама нагадваюць аб прэзідэнцкіх планах, якія тычацца ўвядзення эўтаназіі, і змене ўсяго складу Нацыянальнага камітэта па этыцы пасля таго, як той прыняў адмоўнае рашэнне адносна легалізацыі эўтаназіі. У новы склад Камітэту не ўвайшоў ніводзін прадстаўнік рэлігійных супольнасцяў. Петыцыя інфармуе Папу таксама пра індактрынацыю у французскіх школах, натхнёную гендэрнай ідэалогіяй.

Трэба нагадаць, што на мінулым тыдні пра сустрэчу з Аландам Папа размаўляў з прэзідыумам французскага епіскапату. Біскупы заявілі пасля, што Францішак надзвычай добра разбіраецца ў сітуацыі ў Францыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.