2014-01-22 10:39:51

Пантыфік да эканамістаў: багацце, гэта тое, што служыць чалавецтву, а не пануе над ім


RealAudioMP3 З 22 па 25 студзеня 2013 г. у швейцарскім Давосе праходзіць Сусветны эканамічны форум, на якім прысутнічае 2,5 тыс. удзельнікаў, сярод якіх 40 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. На мерапрыемства запрошаны таксама прадстаўнікі рэлігійных супольнасцяў. Святы Пасад прадстаўляе кардынал Пітэр Тарксан, старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax”. Менавіта ён прачытаў пасланне папы Францішка да ўдзельнікаў форуму падчас цырымоніі яго адкрыцця 21 студзеня ўвечары. Пантыфік спадзяецца, што “сустрэча дасць падставу для больш глыбокага вывучэння прычын эканамічнага крызісу”. Ён прапанаваў “некаторыя меркаванні”, якія, на яго думку, “маглі б узбагаціць дыскусіі форуму і зрабіць карысны ўклад у яго важную працу”. Святы Айцец адзначыў поспехі, якія былі дасягнуты ў эканоміцы за апошнія гады. Але шматлікія намаганні ў гэтым напрамку, паводле яго, “нават калі яны скарацілі беднасць”, шмат дзе “прывялі да шырока распаўсюджанай сацыяльнай ізаляцыі”. “Вялікая частка людзей нашага часу па-ранейшаму працягвае адчуваць штодзённую неабароненасць, часта з драматычнымі наступствамі”, - напісаў Пантыфік.

Францішак звярнуў увагу, што ўсе палітычныя і эканамічныя рашэнні павінны браць пад увагу годнасць кожнага чалавека і агульнае дабро, і прывёў прыклад драматычнай сітуацыі галадаючых і бежанцаў. Паводле Папы, інавацыі павінны быць пастаўлены на службу тых, “хто па-ранейшаму жыве ва ўмовах крайняй беднасці”. Пакліканне бізнесмена – гэта высакародная праца, нагадаў Пантыфік. Ён лічыць, што менавіта асобы, якія гэта разумеюць, здольныя эфектыўна служыць агульнаму дабру і зрабіць плёны гэтага свету больш даступным для ўсіх.

Тым не менш, заўважыў Святы Айцец, рост роўнасці патрабуе нечага большага, чым проста эканамічнага росту, хоць і прадугледжвае яго. Тут патрэбна, перш за ўсё, “трансцэндэнтнае бачанне чалавека”, таму што “без перспектывы вечнага жыцця, чалавечы прагрэс у гэтым свеце пазбаўлены дыхання”. Таксама вялікую ролю ў гэтым працэсе граюць: распрацоўка рашэнняў, механізмаў і працэсаў, накіраваных на лепшае размеркаванне багацця, і стварэнне крыніц занятасці і дапамогі бедным, лічыць папа Францішак.

Менавіта трансцэндэнтны погляд можа сфарміраваць новы палітычны і прадпрымальніцкі менталітэт, “здольны накіроўваць ўсю эканамічную і фінансавую дзейнасць у перспектыве сапраўды гуманнай этыкі. Пантыфік перакананы, што міжнародная бізнес-супольнасць уключае ў сябе асоб, якія адзначаюцца “вялікай асабістай сумленнасцю і прыстойнасцю”, чыя праца натхнёная “высокімі ідэаламі справядлівасці, шчодрасці і клопату аб сапраўдным развіцці чалавечай сям’і”. Францішак заклікаў удзельнікаў давосскага форуму “прыцягнуць гэтыя вялікія чалавечыя і маральныя рэсурсы” і разглядаць багацце, як нешта, што служыць чалавецтву, а не пануе над ім.

Апрача кардынала Пітэра Тарксана, Каталіцкі Касцёл у Давосе прадстаўляюць кардынал Джон Анаекан з Нігерыі, кардынал Луіс Антоніа Тагле з Філіпін і арцыбіскуп Дзіармуд Марцін з Ірландыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.