2014-01-21 12:35:02

Сусветная Рада Цэркваў прадставіла прапановы для мірнай канферэнцыі па Сірыі


RealAudioMP3 Напярэдадні мірнай канферэнцыі па Сірыі, якая атрымала назву “Жэнева-2”, 20 студзеня 2014 г. у гэтым швейцарскім горадзе сабраліся каля 30 рэлігійных лідэраў з краін Блізкага Усходу, Еўропы і Амерыкі – члены Сустветнай Рады Цэркваў. Імі былі падрыхтаваны прапановы па дасягненні міру ў краіне, ўжо на працягу трох гадоў ахопленай вайной. Спецыяльны дакумент быў перададзены спецпрадстаўніку ААН па Сірыі Лахдару Брахімі і іншым палітыкам, якія будуць удзельнічаць у форуме. Са свайго боку, Брахімі падкрэсліў жаданне ААН супрацоўнічаць з Цэрквамі ў справе аднаўлення міру ў Сірыі.

Рэлігійныя лідэры, сярод якіх былі таксама прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы, падкрэслілі, што першай мэтай павінна быць неадкладнае спыненне ваенных дзеянняў, таму што вырашыць канфлікт зброяй – немагчыма. Сярод заклікаў: забеспячэнне гуманітарнай дапамогі насельніцтву і падтрымка ў аднаўленні мірнага жыцця.

Генеральны Сакратар Сусветнай Рады Цэркваў пастар Олаф Твейт, адзначыў, што пры напісанні дакумента прадстаўнікі розных Цэркваў і рэлігійных супольнасцяў праявілі адзінадушша: “гаварылі адным голасам”.

Сусветная Рада Цэркваў лічыць, што Цэрквы могуць мабілізаваць міжнародную грамадскасць, указваўчы на зло, якое адбываецца ў Сірыі і падрымліваючы найвышэйшае дабро, якім з’яўляецца справядлівы мір. Сустрэча арганізацыі суправаджалася экуменічнай малітвай за сірыйскі народ і вырашэнне канфклікту.








All the contents on this site are copyrighted ©.