Францішак: хрысціянская свабода – у паслухмянасці Божаму слову
Хрысціянская свабода
– у паслухмянасці Божаму слову, адзначыў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі
ў Доме св. Марты 20 студзеня 2014 г. Пантыфік заклікаў не баяцца прымаць “навізну”
Евангелля і “Божыя сюрпрызы”. Паводле яго, Божае слова з’яўляецца жывым і таму кажа
нам тое, што хоча казаць: не тое, што мы чакаем ці спадзяемся пачуць. Божае слова
“свабоднае”. Яно часта здзіўляе, бо наш Бог – гэта “Бог нечаканасцяў”, перакананы
Папа. Францішак нагадаў, што Евангелле і Аб’яўленне Божае заўсёды новае. Езус пра
гэта вельмі ясна сказаў патрабуючы трымаць новае віно ў новых мяхах. Таму неабходна
заўсёды быць адкрытымі на гэту навізну, быць паслухмянымі Божаму слову і чыніць тое,
што яно кажа. “Мы павінны заўсёды спрабаваць адаптавацца, прыладзіцца да гэтай навізны
Божага слова, павінны быць адкрытымі на навізну”, - сказаў Папа і ў якасці адмоўнага
прыкладу ўказаў на Саўла з першага літургічнага чытання. Саўл, паводле Францішка,
забыў пра тое, што Бог заўсёды здзіўляе – ён закрыўся ва ўласных меркаваннях, схемах
і думаў выключна па-чалавечы.
Папа адзначыў, што адкрытаць на навізну Божага
слова – гэта праява хрысціянскай свабоды. “Хрысціянская свабода і пакора – у паслухмянасці
Божаму слову, у адвазе стаць новымі мяхамі для новага віна, якое паступае пастаянна”,
- сказаў Папа і дадаў, што ад хрысціян таксама патрабуецца праніклівасць: заўсёды
распазнаваць, што Святы Дух робіць у сэрцы і куды вядзе. “Распазнаваць і падпарадкоўвацца”,
- заклікаў папа Францішак.