2014-01-20 12:27:23

Святы Айцец у рымскай парафіі: даверыць Пану ўвесь цяжар нашых грахоў


RealAudioMP3 Даверыцца Пану, які ніколі не расчаруе, заклікаў папа Францішак падчас візіту ў рымскую парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якая знаходзіцца недалёка ад сталічнага чыгуначнага вакзала “Тэрміні”. Нягледзячы на моцную навальніцу, якая абрынулася на Вечны горад вечарам 19 студзеня 2014 г. Святы Айцец накіраваўся на запланаваную сустрэчу з вернікамі. Яна працягвалася амаль 4 гадзіны. Папа правёў некаторы час у канфесіянале спавядаючы, паразмаўляў з бежанцам і бездомнымі пра якіх клапоцяцца парафіяне, сустрэўся з моладзю, сем’ямі і сужэнскімі парамі, а таксама кансэкраванымі асобамі, якія ажыцяўляюць тут сваё служэнне. Па завяршэнні візіту Францішак прызнаўся, што быў уражаны цёплай атмасферай і адчуваў сябе як дома, як у сям’і. У сваёй гаміліі Святы Айцец засяродзіўся над евангельскімі фрагментам пра сустрэчу Езуса з Яна Хрысціцелем каля берагоў Іардана. Убачыўшы Месію, апошні ўсклікнуў: “Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету”. Як слабое ягнятка можа ўзяць на сябе грахі ўсяго свету? – спытаў Пантыфік і адразу адказаў – толькі дзякуючы “пакоры і любові”.

Нягледзячы на вялікі цяжар грахоў, які мае кожны чалавек, паводле Папы, неабходна не губляць даверу да Пана – Ён зможа ўзяць на сябе ўсе нашы правіны, якім б цяжкімі яны не былі. “Давер да Пана – ключ поспеху ў жыцці”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Паглядзім на Езуса ў маўчанні, кожны з нас няхай прамовіць да Езуса з сэрца, у цішыні. Пане Езу, пакорны, добры, як ягнё, якое прыйшло ўзяць на сябе грахі, суправаджай нас на жыццёвым шляху”, - памаліўся разам з вернікамі Папа.

Парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса стала чацвёртай, якую папа Францішак наведаў у Вечным горадзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.