2014-01-18 12:52:59

Папа да супрацоўнікаў італьянскай тэлерадыёкампаніі: не толькі інфармаваць, але і выхоўваць


RealAudioMP3 18 студзеня 2014 г. папа Францішак сустрэўся з кіраўніцтвам і супрацоўнікамі італьянскай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі “Rai”. У аўдыенцыі, якая адбылася ў ватыканскай Зале Паўла VI, прынялі ўдзел каля 2 тыс. чалавек. Нагодай для сустрэчы стала 90-годдзе радыёвяшчання і 60-годдзе тэлевяшчання, якое кампанія адзначае сёлета. Папа Францішак падкрэсліў, што гэтыя два юбілеі з’яўляюцца нагодай для разважання аб адносінах паміж тэлерадыёкампаніяй і Апостальскай Сталіцай, аб каштоўнасці і патрэбе грамадскага служэння. “Ключавое слова, якое я хачу вылучыць – гэта супрацоўніцтва”, - сказаў Папа і дадаў, што дзякуючы працы телерадыёкампаніі італьянскі народ, мог заўсёды чуць словы Папы і глядзець трансляцыі падзей з жыцця Касцёла ў Італіі. “Гэта супрацоўніцтва рэалізоўвалася разам з двума ватыканскімі ўстановамі: Ватыканскім радыё і Ватыканскім тэлевізійным цэнтрам”, - нагадаў Пантыфік.

“Такім чынам “Rai” даваў і працягвае даваць карыстальнікам яго грамадскага служэння магчымасць сачыць за надзвычайнымі і звычайнымі падзеямі. Падумаем пра ІІ Ватыканскі Сабор, абранне Пантыфікаў, пахаванне бл. Яна Паўла ІІ; але ўзгадаем таксама пра шматлікія падзеі Юбілею 2000 г., розныя цэлебрацыі, а таксама душпастрыскія візіты Папы ў Італіі”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што 1950-60я гг. былі для тэлерадыёкампаніі эпохай “вялікага развіцця і росту”: сетка вяшчання пакрыла ўсю тэрыторыя краіны, адбывалася знаёмства з замежным вопытам, павелічэнне прадукцыі, у тым ліку рэлігійнага характару. “Таксама“Rai”, праз многія іншыя свае ініцыятывы, стала сведкам змены італьянскага грамадства ў яго хуткіх трансфармацыях і паспрыяла асаблівым чынам працэсу лінгвістычна-культурнай уніфікацыі Італіі”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Таму падзякуем Пану за ўсё гэта і будзем развіваць стыль супрацоўніцтва. Памяць аб мінулым, багатым заваяваннямі, кліча нас да абноўленага ўсведамлення адказнасці за сёння і заўтра. Усім вам тут прысутным, тым, хто па розных прычынах не змог удзельнічаць у гэтай сустрэчы, нагадваю, што ваша прафесія, акрамя таго, што з’яўляецца інфармацыйнай, таксама і выхаваўчая, з’яўляецца грамадскім служэннем, г.зн. служэннем супольнаму дабру: служэннем праўдзе, дабру і прыгажосці”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што “этычная якасць камунікацыі з’яўляецца плёнам” ўважлівага і не павярхоўнага сумлення, заўсёды паважлівага да асобаў, якія з’яўляюцца аб’ектамі інфармацыі і яе адрасатамі. Папа заклікаў памятаць, што кожны супрацоўнік тэлерадыёкампаніі, незалежна ад пасады і адказнасці, павінен клапаціцца пра высокі этычным узровень камунікацыі. “Жадаю вам працаваць добра, укладаць давер і надзею ў вашу працу, каб быць здольнымі іх перадаваць: у гэтым ёсць вялікая патрэба!”, - сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.