2014-01-18 14:17:42

Кардынал Кох: аднавіць разарваную вопратку Хрыста


RealAudioMP3 18 студзеня 2014 г. пачаўся Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў, сёлетняй тэмай якога з’яўляюцца словы з Першага паслання апостала Паўла да Карынцянаў: “Хіба падзяліўся Хрыстус?”. Ініцыятыва працягнецца да 25 студзеня. За дзень да яе пачатку папа Францішак сустрэўся з экуменічнай дэлегацыяй з Фінляндыі. Ён заклікаў не спыняцца на шляху аднаўлення еднасці паміж вызнаўцамі Хрыста і заставацца вернымі Яго словам: “каб усе былі адно”. Аб значэнні Тыдня малітваў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё расказаў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох. На яго думку сёлетняя тэма ініцыятывы, з’яўляецца пэўнага кшталту душпастырскім выклікам.

“Яшчэ з маленства мяне ўражвала гісторыя, калі рымскія салдаты дзялілі тое, што належала Пану – Яго вопратку. Яны не хацелі яе парваць, але пакінуць цэлай. Так яна стала ў гісторыі знакам адзінства Касцёла. Мяне ўражвала таксама, што мы хрысціяне зрабілі тое, што не зрабілі салдаты – мы разарвалі вопратку Пана. Цяпер неабходна шмат працы, каб яе злучыць...”, - лічыць пурпурат.

Гаворачы пра адносіны з Праваслаўнымі Цэрквамі кардынал Кох адзначыў, што хутка ўмацоўваецца сяброўства, развіваецца дыялог і супрацоўніцтва, сведчаннем чаму з’яўляюцца візіты, якія ён здзейніў на працягу мінулага года ў Румынію і Расію. Менш паспяховы, на яго думку, тэалагічны дыялог, які ў многім стрымліваецца з-за пазіцыі Праваслаўных Цэркваў па пытанні аб прымаце св. Пятра. Кардынал Кох адзначыў, што нядаўна, па ініцыятыве аднаго грэцкага мітрапаліта пачаўся унутры-праваслаўны дыялог па гэтым пытанні, што з’яўляецца “пазітыўным” фактам.








All the contents on this site are copyrighted ©.