2014-01-18 12:05:09

Закончыла працу камісія па аб'яўленнях у Меджугор'і


RealAudioMP3 17 студзеня 2014 г. прайшло апошняе пасяджэнне Міжнароднай камісіі пры Кангрэгацыі Веравучэння, якая займаецца вывучэннем сапраўднасці аб’яўленняў у Меджугор’і. Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі адзначыў, што камісія закончыла сваю працу, і як было прадугледжана, перадала вынікі сваіх даследванняў кампетэнтным інстанцыям Кангрэгацыі Веравучэння. Міжнародная камісія па вывучэнні сапраўднасці аб’яўленняў у Меджугор’і была створана ў 2010 г. пры Кангрэгацыі Веравучэння па просьбе баснійскага епіскапату. Яе ўзначаліў кардынал Каміла Руіні, а сярод членаў былі як кардыналы, біскупы, святары, так і свецкія спецыялісты ў розных галінах навукі і медыцыны. У снежні 2012 г. яны прадставілі папе Бэнэдыкту XVI першыя вынікі сваёй дзейнасці.

Аб аб’яўленнях Маці Божай у мястэчку Меджугор’е на тэрыторыі Босніі і Герцагавіны стала вядома ў 1981 г. Сведкамі гэтых здарэнняў была група маладых мясцовых жыхароў. Паводле іх, аб’яўленні адбываюцца да сённяшняга дня. Менавіта гэта іх незвычайная працягласць і незакончаннасць з’яўляецца адной з галоўных прычын таго, што Касцёл не даў яшчэ яснага адказу адносна іх сапраўднасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.