2014-01-18 13:31:25

Аргентынскі рабін: мару маліцца з Францішкам у Святой Зямлі


RealAudioMP3 Паміж хрысціянамі і юдэямі неабходна супольная праца на хвалу Бога і карысць людзей, перакананы рабін Арбагам Скорка, рэктар Лацінаамерыканскай рабінскай семінарыі ў Буэнас-Айрэсе. 16 студзеня 2014 г. папа Францішак прыняў яго на аўдыенцыі разам з невялікай яўрэйскай дэлегацыяй з аргентынскай сталіцы. “Мы прыбылі, каб выказаць нашу любоў, падтрымку, абнавіць сяброўскую сувязь – не на асабістым узроўні, а на ўзроўні групы – і паразмаўляць пра тое, як можам больш паяднацца для пошуку адказаў на розныя праблемы, якія турбуюць сучаснага чалавека”, - сказаў ён. Абрагам Скорка апавёў, што ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў сустрэчы былі шматлікія тэмы: спосабы спынення насілля на розных узроўнях, аб’яднання людзей, пераадолення бар’ераў, якія раздзяляюць і нараджаюць нянавісць.

Хорхэ Берголіа і Абрагам Скорка даўно знаёмыя і супрацоўнічалі на працягу многіх гадоў у аргентынскай сталіцы. Апошні расказаў, што ўжо тройчы сустракаўся з папам Францішкам у Рыме і адным з плёнаў гэтых спатканняў стала рашэнне Пантыфіка здзейсніць Апостальскае падарожжа ў Святую Зямлю. “Яно нарадзілася, калі мы сустрэліся першы раз, тут у чэрвені, калі ён ўжо быў Папам. Мы маем жаданне разам стаць перад Мурам плачу, які з’яўляецца сакральным месцам для абодвух: каб памаліцца супольна, абняцца”, - падзяліўся рабін Абрагам Скорка.








All the contents on this site are copyrighted ©.