2014-01-17 11:01:14

Папа: спрыяць духоўнаму экуменізму, які грунтуецца на запаведзі любові


RealAudioMP3 17 студзеня 2014 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі экуменічную дэлегацыю з Фінляндыі. Сустрэча была прымеркавана да свята апекуна гэтай краіны св. Генрыха Упсальскага, якое будзе адзначацца 19 студзеня. У сваёй прамове Францішак заклікаў не спыняцца на экуменічным шляху і засяродзіцца на абвяшчэнні цэнтральнага паслання хрысціянскай веры – любові Божай. Пантыфік нагадаў словы апостала Паўла скіраваныя да карынцянаў: “Хіба падзяліўся Хрыстус?”. “Гэта пытанне было выбрана ў якасці тэмы Тыдня малітваў за адзінства хрысціян, які пачнецца заўтра. Сёння яно скіравана да нас – тое самае пытанне. Перад некаторымі галасамі, якія больш не прызнаюць дасягальнай мэтай поўнае і бачнае адзінства Касцёла, мы пакліканы не адмаўляцца ад нашага экуменічнага намагання, будучы верным якому, сам Пан Езус усклікаў да Айца: каб “усе былі адно”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што сёння экуменізм і адносіны паміж хрысціянамі перажываюць “значныя перамены”, звязаныя з неабходнасцю вызнаваць веру “ў кантэксце грамадства і культуры, у якіх заўсёды менш прысутнічае зварот да Бога і ўсяго таго, што ўсклікае да трасцэндэнтнага вымярэння жыцця”. “Мы заўважаем гэта перш за ўсё ў Еўропе, але не толькі”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Менавіта па гэтай прычыне, неабходна, каб наша сведчанне засяродзілася на цэнтры нашай веры, на абвяшчэнні любові Бога, якая праявілася ў Хрысце, Яго Сыне. Тут знойдзем прастору для росту ў еднасці і адзінстве паміж намі, спрыяючы духоўнаму экуменізму, які нараджаецца непасрэдна ад запаведзі любові пакінутай Езусам сваім вучням”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што экуменізм – гэта духоўны працэс, які рэалізуецца ў вернай паслухмянасці Айцу, у спаўненні волі Хрыста і пад кіраўніцтвам Святога Духа.

Традыцыйныя візіты экуменічнай дэлегацыі з Фінляндыі ў Ватыкан з нагоды свята св. Генрыха, пачаліся яшчэ падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ і працягваюцца ўжо на працягу 25 гадоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.