2014-01-16 14:22:48

Святы Пасад прадставіў у ААН справаздачу аб мерах па абароне дзяцей


RealAudioMP3 Прадстаўнік Святога Пасаду адказаў крытыкам, якія абвінавачваюць Апостальскую Сталіцу ў адсутнасці празрыстасці ў пытанні абароны дзяцей. У апошні час з’явіліся публікацыі, дзе сцвярджалася, што, нібыта, Святы Пасад дагэтуль адмаўляўся ад пераказу справаздач па гэтым пытанні ў адпаведныя органы ААН. Кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку, скіраваў спецыяльнае паведамленне, прымеркаванае да пасяджэння Камітэта ААН па правах дзіцяці, якое праходзіць зараз у Жэневе. Ён нагадаў, што адным з першых, хто падпісаў Канвенцыю ААН аб правах дзіцяці, быў Святы Пасад. Акрамя таго, ім былі падпісаны два “факультатыўных пратаколы”: “аб барацьбе з гандлем дзяцьмі, дзіцячай прастытуцыяй і дзіцячай парнаграфіяй”, а таксама супраць “ выкарыстання дзяцей ў ваенных канфліктах”. Першы дакумент Апостальская Сталіца падпісала адзінаццатай, а другі – сёмай з амаль 200 краін.

Для кантролю за рэалізацыяй Канвенцыі, кожныя пяць гадоў у ААН павінны дасылацца адпаведныя справаздачы, але “фактычна большая частка краін не прытрымліваецца гэтага тэрміну”, заўважыў кс. Ламбардзі і нагадаў, што камітэт па правах дзіцяці вывучае атрыманыя дакументы і, калі ўзнікае неабходнасць, можа папрасіць некаторыя ўдакладненні. “Камітэт – гэта не “трыбунал”, які мае юрысдыкцыю “судзіць” краіны-удзельніцы, але прылада, створаная на падставе самой Канвенцыі для маніторынгу і кантролю за яе здзяйсненнем”, - падкрэсліў святар.

Кс. Ламбардзі адзначыў, што Апостальская Сталіца не ўпершыню дасылае ў ААН такога роду справаздачы. Першая была накіравана ў 1994 г., а другая – у 2011 г. 16 студзеня 2014 г. гэтыя дакументы і зробленыя да іх ўдакладненні былі абмеркаваны членамі Камітэта і дэлегацыі Святога Пасаду.
Паводле кс. Ламбардзі, прадстаўленыя дакументы дэманструюць увагу і вялікую працу, якую Апостальская Сталіца ажыцяўляе на карысць дзяцей, не толькі сваім навучаннем і абаронай годнасці чалавека, але таксама праз дзейнасць у сферы адукацыі, медыцыны, дапамогі сем’ям і дзецям, якія апынуліся ў зонах канфліктаў, сталі бежанцамі ці мігрантамі. У справаздачы падкрэсліваецца, што Святы Пасад глыбока засмучаны выпадкамі сексуальных злоўжыванняў з боку некаторых святароў. У ёй гаворыцца аб шырокім спектры мераў, прынятых для прафілактыкі і недапушчэння падобных здарэнняў і прынцыпы каталіцкага навучання адносна гэтай тэмы.

Рашучае і неадкладнае прыняцце Апостальскай Сталіцай Канвенцыі аб правах дзіцяці пацвярджае пастаянную пазіцыю Касцёла па гэтым пытанні, падкрэсліў кс. Ламбардзі і дадаў, што папа Францішак дае новы і відавочны імпульс у такога роду дзейнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.