2014-01-16 12:55:25

Пантыфік на дзень малітвы за пакліканні: “жніво Пана” прапарцыянальнае да ласкі, якую ў сабе прымаем


RealAudioMP3 11 мая 2014 г. у Каталіцкім Касцёле ў 51-ы раз будзе адзначацца Сусветны дзень малітвы за пакліканні. Папа Францішак падтрымаў традыцыю, закладзеную папярэднікамі, і скіраваў адмысловае пасленне з гэтай нагоды. Яно атрымала назву: “Пакліканні – сведчанне праўды”. Спачатку Папа звярнуўся да біблійных тэкстаў, якія кажуць пра патрэбу у “працаўніках на жніве Пана”. Бог чакае ад Касцёла малітвы “аб павелічэнні колькасці асоб, якія служаць Яго Валадарству”, але крыніцай кожнага паклікання з’яўляецца “ініцыятыва ласкі”, заўважыў ён. “Таму у нашым сэрцы нараджаецца спачатку здзіўленне багатым ураджаем, які можа даць толькі Бог, затым падзяка за любоў, якая заўсёды папярэднічае нам і, нарэшце, праслаўленне за справу, здзейсненую Ім, што патрабуе, каб мы добраахвотна далучыліся да дзеяння з Ім і для Яго”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Кожны чалавек з’яўляецца “уласнасцю” Бога, але не ў сэнсе валодання, якое знявольвае, а дзякуючы моцнай сувязі, якая аб’ядноўвае нас з Богам і паміж сабой”, - адзначыў Папа. На яго думку, менавіта ў гэтым сутнасць кожнага паклікання, бо “любое пакліканне, пры мностве дарог, заўсёды патрабуе выхаду за свае межы, каб засяродзіць сваё жыццё на Хрысце і Яго Евангеллі”. “У сужэнскім жыцці або ў розных формах манаскай кансэкрацыі ці святарскім жыцці трэба адмаўляцца ад спосабаў мыслення і дзейнасці, якія не адпавядаюць Божай волі”, - лічыць Святы Айцец. Гэтаму, на яго думку, можа дапамагчы адарацыя Хрыста ў нашых сэрцах, якая можа стаць каналам “імпульсу ласкі”, змешчанага “у семені Божага слова”.


“Мы не павінны баяцца, Бог горача і ўмела клапоціцца аб справе, якая выйшла з Яго рук, на кожным этапе жыцця”, - напісаў Пантыфік і заахвоціў асоб, якіх Езус кліча да служэння, зразумець сваё пакліканне. “Я заклікаю вас прыслухацца да Езуса і пайсці за Ім, дазволіць, каб ваша нутро было пераменена праз Яго словы”, - звярнуўся Папа. На яго думку, адказ на заклік Езуса дапаможа гэтым асобам вызваліць у іх і вакол іх “найлепшую энергію”. “Ніводнае пакліканне не нараджаецца само па сабе і не жыве для сябе”, - заўважыў Францішак і дадаў, што яно “нараджаецца з сэрца Бога і прарастае на добрай зямлі вернага люду, у досведзе братэрскай любові”.

Каб жыць у адпаведнасці з высокім узроўнем звычайнага хрысціянскага жыцця, трэба ісці супраць плыні, зацытаваў Папа свайго папярэдніка Яна Паўла ІІ. Але менавіта гэта, паводле Францішка, нараджае сапраўдную радасць – ісці разам з Панам, адкрываючы “сваё сэрца для вялікіх ідэалаў і вялікіх рэчаў”. Пантыфік звярнуўся да біскупаў, святароў, законнікаў, супольнасцяў і хрысціянскіх сем’яў і запрасіў іх выкарыстоўваць сапраўдную “педагогіку святасці” у душпастырстве пакліканняў. “Жніво Пана” заўсёды будзе “прапарцыянальным да ласкі, якую пакорна зможам у сабе прыняць”, - заўважыў Святы Айцец.







All the contents on this site are copyrighted ©.