2014-01-16 10:47:38

Падрабязнасці візіту Папы ў рымскую парафію


RealAudioMP3 Падчас візіту ў рымскую парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса, 19 студзеня 2014 г., папа Францішак паспавядае некалькі вернікаў, сустрэнецца з сем’ямі і сужэнскімі парамі, а таксама з бежанцамі і бездомнымі, пра якіх клапоціцца парафіяльная моладзь. Кульмінацыяй візіту стане Эўхарыстыя, якую ўзначаліць Святы Айцец. Яе ўпрыгожыць спеў хору з каля 80-ці вернікаў у суправаджэнні маленькага аркестру з трох гітарыстаў, флейтыста, скрыпача, клавішніка і перкусіяніста. Падрабязнасцямі візіту падзяліўся пробашч парафіі кс. Валерыа Барэзі.

У інтэрв’ю італьянскаму агенцтву “Asca” ён расказаў, што некалькі месяцаў таму парафіяне напісалі ліст папе Францішку, у якім апавялі пра сваю дзейнасць на карысць бездомных і бежанцаў. Яны запрасілі Пантыфіка наведаць іх і той пагадзіўся.

Парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса знаходзіцца недалёка ад цэнтральнага чыгуначнага вакзалу “Тэрміні” і таму побач заўсёды ёсць шмат людзей патрабуючых дапамогі, вымушаных спаць на вуліцы. Па пятніцах маладыя вернікі разносяць ім ежу і цёплые рэчы, а па чацвяргах пры парафіі ладзяцца вечары, падчас якіх вернікі і бездомныя разам гуляюць ў шашкі, чытаюць Евангелле і супольна вячэраюць. Кс. Барэзі падкрэсліў, што парафія супрацоўнічае з езуіцкім цэнтрам дапамогі мігрантам і бежанцам “Astalli”, які папа Францішак наведаў 10 верасня 2013 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.