2014-01-16 12:01:37

Новы касцёльны дакумент аб монатэізме і насіллі


RealAudioMP3 Міжнародная тэалагічная камісія на падставе даследаванняў, праведзеных за бягучыя пяць гадоў, распрацавала новы дакумент, які атрымаў назву: “Трыадзіны Бог – адзінства чалавецтва. Хрысціянскі монатэізм супраць насілля”. Яго тэкст быў ухвалены Камісіяй 6 снежня 2013 г., а затым прадстаўлены яе старшыні, арцыбіскупу Герхарду Людвігу Мюлеру, прэфекту Кангрэгацыі Веравучэння, які пагадзіўся на публікацыю. Тэалагічнае разважанне раскрывае асобныя аспекты хрысціянскага ўяўлення пра Бога, якія патрабуюць асаблівага тэалагічнага тлумачэння ў сучасным кантэксце. Гаворка ідзе перш за ўсё пра абвяржэнне тэорыі, згодна з якой паміж монатэізмам і рэлігійнымі войнамі існуе абавязковая ўзаемазалежнасць. Гэта скажае сапраўдны сэнс хрысціянскага вучэння аб Адзіным Богу. Асаблівасць новага дакументу ў тым, што разважанні ў ім пабудаваны па прынцыпе не апалагетычнага супрацьпастаўлення, але аргументаванага сведчання. Згодна з хрысціянскай верай, заклік да насілля ў імя Бога з’яўляецца найвялікшым скажэннем самой рэлігіі. Гэтым перакананнем хрысціянства абавязана Аб’яўленню аб блізкасці Бога, якая праявілася ў Хрысце.

У першым раздзеле адбываецца тлумачэнне сэнсу “рэлігійнага монатэізму”, у значэнні, якое надаецца яму некаторымі напрамкамі сучаснай палітычнай філасофіі: ад класічных асноў, так званага, гуманістычнага атэізму да найноўшых форм рэлігійнага агнастыцызму і палітычнага лаіцызму. У дакуменце звяртаецца ўвага на небяспеку спрашчэння, якое аўтаматычна зводзіць любое разважанне аб рэлігіі да надуманага выбару паміж гвалтоўным монатэізмам і талерантным політэізмам. Аўтары прыходзяць да высновы аб тым, што міжрэлігійныя і рэлігійныя войны пазбаўлены сэнсу. Гэта думка падзяляецца мноствам вернікаў і няверуючых.

Другі раздзел надае асаблівую ўвагу складаным старонкам Бібліі, дзе Аб’яўленне Бога залучаецца ў формы насілля паміж людзьмі. Наступная частка дакументу прапануе разважанне над падзеяй смерці і Уваскрасення Езуса, якія раскрываюцца ў святле задумы аб прымірэнні людзей. Менавіта Аб’яўленне, упісанае ў падзеі Езуса Хрыста, абвяргае любое рэлігійнае апраўданне насілля.

У чацвёртым радзеле закранаецца тэматыка філасофскага разумення і ўспрымання думкі пра Бога. Тут разглядаюцца асноўныя пункты дыскусіі з сучасным атэізмам, і ў асаблівасці, прысутным у розных формах, радыкальным антрапалагічным натуралізмам. Апошняя частка дакументу рэзюмуе асноўныя прынцыпы хрысціянскага разумення тэмы касцёльнага сведчання прымірэння людзей паміж сабой і з Богам. Хрысціянскае Аб’яўленне ачышчае рэлігію, вяртаючы ёй яе асноватворнае значэнне, неабходнае для чалавечага досведу сэнсу. Дакумент кажа пра тое, што гарызонты сучаснай культуры патрабуюць, каб тэалагічны змест і гістарычнае развіццё Хрысціянскага Аб’яўлення пра Бога разглядаліся неаддзельна адзін ад аднаго.

Тэкст дакументу “Трыадзіны Бог – адзінства чалавецтва. Хрысціянскі монатэізм супраць насілля” будзе змешчаны 18 студзеня 2014 г. у італьянскім журнале “La Civiltà Cattolica”, дзе звычайна публікуецца італьянская версія дакументаў Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Ад 17 студзеня дакумент даступны на інтэрнэт-старонцы Святога Пасаду.







All the contents on this site are copyrighted ©.