2014-01-13 15:16:19

Сталі вядомы мерапрыемствы, у якіх у бліжэйшы час прыме ўдзел Святы Айцец


RealAudioMP3 13 студзеня 2014 г. у Ватыкане быў апублікаваны план мерапрыемстваў, у якіх у бліжэйшыя месяцы возьме ўдзел папа Францішак. Так, у наступную нядзелю, 19 студзеня, Пантыфік наведае рымскую парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Гэта будзе яго трэці пастырскі візіт у парафіяльных супольнасцях Вечнага гораду. 25 студзеня, ва ўрачыстасць Навяртання св. Паўла, Папа возьме ўдзел у Нешпарах. Яны пройдуць у рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі. У лютым Святога Айца чакае насычаная праграма, якая распачнецца ва ўрачыстасць Ахвяравання Пана, 2 лютага, св. Імшой з членамі інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця ў іх патранальнае свята. Яшчэ адну рымскую парафію, св. Тамаша Апостала, Францішак наведае ў нядзелю, 16 лютага. Праз некалькі дзён, 22 лютага, Папа ўзначаліць звычайны публічны кансісторый для узвядзення новых кардыналаў, а на наступны дзень адправіць з новымі пурпуратамі св. Імшу ў ватыканскай базыліцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.