2014-01-12 14:11:06

Папа перад “Анёл Панскі”: жыццё набывае смак дзякуючы любові Бога (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Папа Францішак 12 студзеня 2014 г. прапанаваў вернікам, сабраным на плошчы св. Пятра, паразважаць над значэннем хросту. Менавіта гэты сакрамэнт, нагадаў Святы Айцец, адчыняе перад чалавекам нябёсы і становіцца пачаткам часу вялікай ласкі і міласэрнасці.У сваіх разважаннях перад малітвай “Анёл Панскі” Пантыфік назваў хрост – “гарантыяй непарушнай любові” Бога да чалавека. Ён заклікаў вернікаў не ставіць бар’ераў Божай любові і дазволіць ёй дзейнічаць у жыцці. Хрост Езуса ў рацэ Ярдан засведчыў аб тым, што чалавек з’яўляецца для Яго братам. Гэта мабілізуе нас быць братамі для іншых, адзначыў Папа.

“Сёння – свята Хросту Пана. Раніцай я ўдзяліў хрост 32 немаўлятам. Дзякую Пану разам з вамі за гэтых Божых тварэнняў і за кожнае новае жыццё. Мне падабаецца хрысціць дзяцей. Я люблю гэта! Кожнае дзіця, якое нараджаецца, з’яўляецца падарункам радасці і надзеі, і кожнае дзіця, якое прымае хрост – гэта цуд веры і свята для сям’і Божай”, - сказаў Папа.

“Сённяшняе Евангелле падкрэслівае той факт, што, калі Езус быў ахрышчаны Янам ў рацэ Ярдан, “раскрыліся Яму нябёсы” (Мц 3,16). Гэта рэалізацыя прароцтва. Ёсць заклік, які літургія запрашае нас паўтараць падчас Адвэнту: “О, каб разарваў ты нябёсы і сышоў” (Іс 63,19). Калі нябёсы зачыненыя, наш гарызонт у гэтым зямным жыцці цёмны, безнадзейны. Таму, праз цэлебрацыю Божага Нараджэння, вера ў чарговы раз дорыць нам упэўненасць, што нябёсы разрываюцца з прыходам Езуса. І ў дзень хросту Хрыста мы разважаем пра раскрытыя нябёсы. Аб’яўленне Сына Божага на зямлі азначае пачатак часу вялікай міласэрнасці, які наступае пасля таго, як грэх замкнуў нябёсы, ставячы нібыта бар’ер паміж чалавекам і яго Створцам. З нараджэннем Езуса нябёсы раскрываюцца! Бог дае нам у Хрысце гарантыю незнішчальнай любові.

З таго часу, як Слова стала целам, можна бачыць расчыненыя нябёсы. Гэта было магчыма для бэтлеемскіх пастухоў, мудрацоў з Усходу, Яна Хрысціцеля, апосталаў Езуса, св. Стэфана, першага мучаніка, які усклікнуў: “Я бачу нябёсы раскрытыя” (Дз 7, 56). І гэта таксама магчыма для кожнага з нас, калі мы дазволім уварвацца Божай любові, дадзенай нам упершыню ў хросце праз пасрэдніцтва Святога Духа. Дазволім уварвацца любові Бога! Гэта выдатны час міласэрнасці! Не забывайцеся аб гэтым: гэта выдатны час міласэрнасці!

Калі Езус прыняў хрост пакаяння ад Яна Хрысціцеля, у знак салідарнасці з народам, які чыніць пакаянне – Ён, які быў без граху і не меў патрэбы ў пакаянні – Бог Айцец скіраваў свой голас з неба: “Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў” (Мц 3,17). Езус атрымлівае падтрымку Нябеснага Айца, Які паслаў Яго раздзяліць з намі наш стан, нашу беднасць. Прыняцце нечага лёсу – гэта праўдзівы шлях любові. Езус не аддзяляецца ад нас, лічыць нас братамі і дзеліцца з намі. І так робіць нас сынамі, такімі, як сам, сынамі Бога Айца. Гэта аб’яўленне і крыніца сапраўднай любові. І гэта выдатны час міласэрнасці!

Ці не падаецца вам, што ў наш час існуе патрэба ў большым аб’ёме братняга абмену і любові? Ці не падаецца вам, што мы ўсё патрабуем больш міласэрнай любові? Не той, якая задавольваецца часовай дапамогай, што не ангажуе, не застаўляе рызыкаваць, але той любові, якая захапляе, якая звязана з нязручнасцямі і цярпеннямі брата. Якога ж смаку набывае жыццё, калі мы дазваляем агарнуць сябе любові Бога!

Мы просім Найсвяцейшую Дзеву падтрымаць нас праз сваё заступніцтва ў нашым жаданні наследаваць Хрыста на шляху веры і любові, па шляху, пракладзеным нашым хростам”, - сказаў Святы Айцец.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Пантыфік асаблівым чынам прывітаў бацькоў, якія рыхтуюцца да хросту сваіх дзяцей. Ён падкрэсліў, што далучаецца да радасці гэтых сем’яў і выказаў спадзяванне, што гэты сакрамэнт дапаможа ім “наноў адкрыць для сябе прыгажосць веры” і па-новаму паглядзець на сакрамэнты і Касцёл.







All the contents on this site are copyrighted ©.