2014-01-10 13:51:09

Францішак абмяняўся віншаваннямі з папскімі седыярыямі


RealAudioMP3 10 студзеня 2014 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі папскіх седыярыяў – членаў папскага двара, заданнем якіх да 1978 г. было нашэнне папскага трону. Пасля адмовы Пантыфікаў ад карыстання гэтым атрыбутам, функцыяй седыярыяў стала служэнне ў Апостальскім палацы. У выпадку смерці Пантыфіка, седыярыі займаюцца пераносам труны з памерлым. Папа Францішак прыняў ватыканскіх служачых разам з членамі іх сем’яў, каб абмяняцца віншаваннямі з нагоды святаў. “Таямніца Нараджэння Хрыста заклікае нас сведчыць жыццём аб пакоры, прастаце і служэнні, якім Ён навучаў. Таксама і вы праз сваю штодзённую працу маеце магчымасць наследаваць гэтыя рысы Сына Божага”, - адзначыў Папа. Францішак падкрэсліў, што праца седыярыяў можа стаць апостальствам і магчымасцю перадаваць іншым радасць быцця хрысціянамі. Але гэта будзе магчымым, калі падтрымліваць пастаянны і жывы дыялог з Панам ў малітве, “каб узрастаць у сяброўстве з Ім і вучыцца ад Яго даступнасці і адкрытасці”.

Пантыфік падзякаваў седыярыям за служэнне, якое характарызуецца сардэчнасцю, гасціннасцю, цярплівасцю, спакоем і з’яўляецца цудоўнай “візітнай карткай для тых, хто прыходзіць у Апостальскі палац, каб сустрэцца з Наступнікам св. Пятра”.








All the contents on this site are copyrighted ©.