2014-01-09 10:16:38

Апостальская Сталіца надала мовам майя статус літургічных


RealAudioMP3 Святы Пасад афіцыйна зацвердзіў літургічныя тэксты на дзвюх карэнных мовах, якія належаць да сямейства майя: цэльтальскай і цацыльскай. Іх выкарыстоўваюць індзейцы ў штаце Ч’япас на поўдні Мексікі. Адпаведнае рашэнне ў гэтай справе прыняў папа Францішак ў кастрычніку 2013 г., паведаміў 8 студзеня 2014 г. італьянскі інтэрнэт-партал “il Sismografo”, са спасылкай на амерыканскія крыніцы. Намаганні па прызнанні карэннамоўных версій літургічных абрадаў дыяцэзія Сан-Крыстабаль-дэ-Лас-Касас у штаце Ч’япас прадпрыняла яшчэ сем гадоў таму. Цяпер на абедзьвух мовах святары змогуць цэлебраваць св. Імшу і ўдзяляць сакрамэнты.

Падлічана, што па крайняй меры 65% жыхароў штату, размешчанага ў паўднёва-заходняй частцы краіны, належаць да майя; большасць з іх выкарыстоўваюць ў асноўным сваю родную мову і крыху ведаюць іспанскую. Такім чынам ужыванне ў літургічным жыцці карэнных моў мае вялікае значэнне ў справе евангелізацыі і катэхізацыі мясцовага насельніцтва.

Біскуп Сан-Крыстабаль Фэліпэ Арысмэндзі Эсківэль лічыць, што рашэнне Святога Пасаду “павышае давер да Касцёла” з боку мясцовага насельніцтва. “Несумненна, Папа паказаў новы падыход да справы” змены сітуацыі ў нашай дзяржаве, сказаў дапаможны біскуп дыяцэзіі Энрыке Дыяс у інтэрв’ю “BBC”. Ён падкрэсліў, што ў Аргентыне цяперашні Пантыфік шмат часу прысвячаў карэнным супольнасцям і таму добра разумее іх праблемы.

Па дадзеных амерыканскіх крыніц, цэльтальскай і цацыльскай мовамі карыстаюцца каля 650 тыс. жыхароў штата Ч’япас.







All the contents on this site are copyrighted ©.