2014-01-08 10:16:52

ААН даследуе працу Святога Пасаду адносна абароны непаўналетніх


RealAudioMP3 Камітэт ААН па правах дзіцяці з 16 студзеня 2014 г. даследуе працу Святога Пасаду адносна абароны непаўналетніх, паведамілі ў штаб-кватэры камісіі ААН па правах чалавека ў Жэневе 7 студзеня. Вынікі даследавання 18 незалежных экспертаў будуць абнародаваны 5 лютага. Такога роду праверку перыядычна павінны прайсці ўсе 193 дзяржаў, якія падпісалі Канвенцыю аб правах дзіцяці, але гэта ўпершыню адбудзецца адносна Апостальскай Сталіцы. На пасяджэнні Камітэта з 13 па 31 студзеня будзе таксама абмеркавана сітуацыя дзяцей у Рэспубліцы Конга, Емене, Партугаліі, Расіі і Германіі.

Святы Пасад ужо ў пачатку снежня накіраваў свае адказы на анкету, дасланую Камітэтам ААН па правах дзіцяці. У ёй гаворыцца аб мерах, якія прадпрымае Апостальская Сталіца і Каталіцкі Касцёл супраць сексуальнага насілля ў дачыненні да непаўналетніх, у тым ліку аб больш строгім адборы кандыдатаў да святарства і адаптацыі касцёльнага заканадаўства. У некаторых пытаннях Святы Пасад спаслаўся на адсутнасць даследаванняў. У матэрыялах, дасланых у Жэневу, гаворыцца, што Апостальская Сталіца глыбока засмучана бедствам сексуальнага насілля, якое закранула мільёны дзяцей ва ўсім свеце, і шкадуе, што, на жаль, некаторыя прадстаўнікі духавенства былі ўцягнуты ў злоўжыванні.







All the contents on this site are copyrighted ©.