2014-01-07 11:41:17

Святы Айцец заклікаў “правяраць духаў”


RealAudioMP3 Хрысціянін павінен адрозніваць тое, што ад Бога, ад таго, што зыходзіць ад ілжэпрарокаў, падкрэсліў папа Францішак. Ён спаслаўся на фрагменгт Першага паслання св. Яна і працытаваў апостала, які заклікае “правяраць духаў”, каб зразумець, што адводзіць нас ад Бога, а што набліжае да Яго. “Наша сэрца заўсёды мае жаданні, памкненні, думкі”, - сказаў Пантыфік і заклікаў “сачыць” за ім. Францішак нагадаў крытэрый, які св. Ян прапануе для распазнання “Божага” ад “антыхрыстава” – “кожны дух, які вызнае, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе, ёсць ад Бога; і кожны дух, які не вызнае Езуса, той не ад Бога; гэта дух антыхрыста”. Знакамі хрыстовага духа з’яўляюцца пакора і прыніжэнне. Калі жаданні нашага сэрца суправаджаюцца самадастатковасцю і ганарыстасцю – яны не ад Хрыста, падкрэсліў Папа. Усе тры прапановы, якія зрабіў д’ябал Езусу падчас спакушэння на пустыні мелі на мэце адвесці ад шляху служэння, пакоры, прыніжэння і міласэрнасці, дадаў ён.

Пантыфік запрасіў кожнага задумацца над тым, што адбываецца ў яго ўласным сэрцы, задаць сабе пытанне: “ці я заўсёды выбіраю рэчы, якія паходзяць ад Бога?”. Ён заклікаў не забывацца, што крытэрыем “праверкі духаў” з’яўляецца ўцелаўлёнае Слова – Езус Хрыстус.







All the contents on this site are copyrighted ©.