2014-01-04 10:51:52

Францішак да законнікаў: абудзіце свет!


RealAudioMP3 “Касцёл павінен быць прывабным. Абудзіце свет! Будзьце сведкамі іншага спосабу рабіць, дзейнічаць, жыць”, казаў папа Францішак 29 лістапада 2013 г. членам Аб’яднання генеральных настаяцеляў мужчынскіх манаскіх супольнасцяў, якіх прымаў у Ватыкане. 3 студзеня 2014 г., у езуіцкім часопісе “La Civiltà Cattolica” быў апублікаваны поўны тэкст прамовы Святога Айца. У ім Пантыфік закрануў шматлікія актуальныя тэмы. Гаворачы пра падрыхтоўку святароў, ён заклікаў “выхоўваць сэрцы”, бо “інакш выхаваем маленькіх монстраў, якія будуць выхоўваюць Народ Божы”; падтрымаў рашучыя ініцыятывы Бэнэдыкта XVI па барацьбе з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле; асудзіў крывадушша, фундаменталізм і так званы феномен “гандлю навіцыямі” – масавую “вербоўку” маладых людзей некаторымі манаскімі супольнасцямі ў нееўрапейскіх краінах, для далейшага пераводу іх у кляштары на тэрыторыі Старога Кантыненту. Папа ўказаў на важнасць харызматаў, патрэбу ў пяшчотнасці і здольнасці “выкараняць канфлікты”.

Важнай тэмай прамовы Святога Айца была ідэнтычнасць і місія законнікаў. “Евангельскі радыкалізм не толькі для законнікаў”, “ён патрабуецца ад усіх”, але “законнікі асаблівым, прароцкім чынам ідуць за Панам”, сказаў Папа. Паводле яго, людзі чакаюць сведчання кансэкраваных асобаў, таму законнікі павінны быць асобамі здольнымі абудзіць свет.

Францішак нагадаў, што “жыццё няпростае і складаецца з ласкі і граху”. “Калі нехта не грашыць, ён не чалавек. Усе памыляюцца і мы павінны прызнаць нашу слабасць. Законнік, які прызнае сябе слабым і грэшнікам не супярэчыць свайму сведчанню, але наадварот, умацоўвае яго, і гэта добра для ўсіх. Тое, чаго я чакаю – гэта сведчання”, - сказаў Папа.

Гаворачы пра выхаванне будучых святароў у семінарыях, Францішак адзначыў, што важна прымаць грэшнікаў, а не “сапсаваных”. “Я не кажу пра асобаў, якія прызнаюць сябе грэшнікамі: мы ўсе грэшнікі, але не ўсе сапсаваныя”, - сказаў ён. Небяспечнай пагрозай для будучых святароў Папа назваў клерыкалізм. Ён заклікаў ні ў якім разе не прытрымлівацца стылю акрэсленага выразам: “думай ясна – кажы туманна”, які на самой справе з’яўляецца крывадушшам.

Калі семінарыя вельмі вялікая, Францішак параіў падзяліць яе супольнасць, каб выхавацелі мелі магчымасць па-сапраўднаму і асабіста працаваць з семінарыстамі. Святы Айцец рэкамендуе вырашаць праблемы не забаронамі, а дыялогам.

Францішак заклікаў дзейнічаць рашуча і не баяцца памылак, таму што яны заўсёды будуць. “Мы павінны папрасіць прабачэння і з вялікім сорамам паглядзець на апостальскія няўдачы выкліканыя недахопам адвагі”, - сказаў Папа і нагадаў, пра першыя ініцыятывы св. Матэа Рычы, якія былі правальнымі, але місіянер не паддаўся роспачы.

Нарэшце, Папа адзначыў, што законнікам “неабходна ведаць перыферыі, ахвяраваць час, каб ісці на перыферыі і па-сапраўднаму знаёміцца з рэальнасцю ў якой жывуць людзі”. “Калі гэтага не будзе, узнікае рызыка быцця абстрактнымі ідэолагамі і фундаменталістамі, а гэта не здарова”, - сказаў Святы Айцец.

Поўны тэкст прамовы Пантыфіка быў перакладзены з італьянскай мовы на англійскую і іспанскую і апублікаваны ў электронай і друкаванай версіі “La Civiltà Cattolica”.








All the contents on this site are copyrighted ©.