2014-01-03 11:09:10

Святы Айцец: езуіт – няўрымслівы ў пошуку Бога


RealAudioMP3 “Сапраўдная вера прадугледжвае глыбокае жаданне змяніць свет”, - сказаў папа Францішак звяртаючыся да сваіх сабратоў – членаў Ордэна езуітаў, разам з якімі цэлебраваў Эўхарыстыю ў рымскім касцёле Найсвяцейшага Імя Езуса (Іль-Джэзу). Пантыфік наведаў яго 3 студзеня 2014 г., у свята Найсвяцейшага Імя Езуса, якое асабліва адзначаецца езуітамі ва ўсім свеце. “Мы езуіты, хочам быць годнымі імя Езуса, вайскоўцамі пад штандарам Яго крыжа, і гэта значыць мець аднолькавыя пачуцці з Хрыстом. Гэта значыць думаць як Ён, любіць як Ён, бачыць як Ён, крочыць як Ён. Гэта значыць рабіць тое, што рабіў Ён, з тымі самымі пачуццямі, з пачуццямі Яго сэрца”, - сказаў Папа. Сэрца Хрыста, паводле Пантыфіка, гэта сэрца Бога, якое з любові, “спутошылася”. Такім чынам і езуіты пакліканы “спустошыцца” – быць людзьмі, якія не засяроджаны на саміх сябе, а маюць адкрыты розум, каб клапаціцца пра ўсё большую хвалу Бога. Для гэтага, на думку Папы важна захоўваць няўрымслівасць – гарачае жаданне пошуку Бога.

“Трэба шукаць Бога, каб знаходзіць, і знаходзіць, каб шукаць Яго яшчэ і заўсёды. Толькі гэта імкненне прыносіць спакой у сэрца езуіта, гэта імкненне таксама апостальскае, яно не павінна нас стаміць у абвяшчэнні керыгмы, евангелізаваць з адвагай. Гэта няўрымслівасць рыхтуе нас да прыняцця дару апостальскай плённасці. Без гарачага жадання мы з’яўляемся бесплённым”, - сказаў Папа.

У якасці прыгладу чалавека няўрымслівасці і вялікіх жаданняў Папа прывёў французскага езуіта Пьера Фаўрэ, паплечніка св. Ігнацыя Лаёлы, культ якога нядаўна быў пашыраны на ўвесь Каталіцкі Касцёл. Францішак нагадаў, што гэты благаслаўлёны меў неўгамоннае сэрца і вялікае жаданне змяніць свет.

“Вось пытанне, якое мы павінны сабе паставіць: ці маем мы таксама вялікія ідэі і запал? Ці з’яўляемся мы таксама дбайнымі? Ці нашы мары лятаюць высока? Ці спальвае нас руплівасць? Або з’яўляемся павярхоўнымі і засяроджваемся на нашым апостальскім лабараторным планаванні? Будзем заўсёды памятаць: сіла Касцёла не жыве ў самой сабе і яго арганізацыйнай здольнасці, але схавана ў глыбокіх водах Бога. І гэтыя воды ўзварушаюць нашы жаданні, а жаданні пашыраюць сэрца”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што бл. Пьер Фаўрэ быў цалкам сканцэнтраваным на Богу, і дзякуючы гэтаму мог ісці, у духу паслухмянасці, часта пешшу, у любую частку Еўропы, каб весці дыялог з пяшчотай і абвяшчаць Евангелле.

“Мне прыходзяць думкі пра спакусу, якую таксама можам мець мы і маюць многія – звязваць абвяшчэнне Евангелля з інквізітарскім лінчаваннем, асуджэннем. Не, Евангелле абвяшчаецца з пяшчотай, братэрствам, любоўю”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што толькі будучы засяроджанымі на Богу магчыма ісці на перыферыі свету. Калі гэтага жадання няма, на думку Пантыфіка, неабходна спыніцца і ў малітве прасіць Бога, каб Ён вярнуў былое захапленне і запал.








All the contents on this site are copyrighted ©.