2014-01-02 11:40:58

Пакістанская каталічка асуджаная на смерць напісала Папе


RealAudioMP3 Пакістанская каталічка Асія Бібі, асуджаная на пакаранне смерцю паводле закона аб блюзнерстве, напісала віншавальны ліст папе Францішку. “Не ведаю, як доўга я вытрымаю. Жыву толькі дзякуючы моцы Вашых малітваў”, - напісала яна. Асія Бібі распавяла Святому Айцу, што сёлета мела магчымасць адзначыць свята Божага Нараджэння ў сваёй камеры ў прысутнасці мужа і дзяцей, якім дазволілі яе наведаць. Жанчына падзялілася з Пантыфікам марай – удзельнічаць у Эўхарыстыі ў вігілію Нараджэння Пана ў базыліцы св. Пятра. “Я давяраю Божаму плану адносна мяне і магчыма ў наступным годзе здолею здзейсніць маю мару. (...) Зараз хачу даверыцца Божай міласэрнасці, якая можа ўсё. Толькі Ён можа мяне вызваліць”, - напісала Бібі.

Жанчына запэўніла ў сваёй малітве ўсіх, хто за яе моліцца, клапоціцца аб яе вызваленні і дапамагае матэрыяльна. “Я ведаю, што Святы Айцец моліцца за мяне ад ўсяго сэрца. Гэта нараджае веру ў тое, што аднойчы маё вызваленне стане магчымым”, - адзначыла яна ў лісце да Папы.

Асія Бібі была арыштавана ў 2009 г. паводле спрэчнага закона аб блюзнерстве. Яе абвінавацілі ў непаважлівых выказаннях у адрас прарока Мухамеда. 11 лістапада 2010 г. суд штату Пенджаб асудзіў яе на пакаранне смерцю. Муж асуджанай падаў апеляцыю, якая разглядаецца да сённяшняга дня. На працягу 27 месяцаў Асія Бібі ўтрымлівалася ў камеры без вокан. У чэрвені 2013 г. яна была пераведзена ў звычайную турму, дзе ёй дазволены кароткія прагулкі і спатканні са сваякамі.

Выпадак Асіі Бібі выклікаў вялікі рэзананс у свеце. Яе вызвалення намагаюцца шматлікія палітыкі, грамадскія дзеячы і арганізацыі. Хутка пасля абвяшчэння прысуду, у абарону Асіі Бібі выступіў папа Бэнэдыкт XVI. Ён запэўніў жанчыну і яе блізкіх у сваёй духоўнай блізкасці, і малітве, каб “як мага хутчэй, ёй была вернута поўная свабода”.

Вызвалення Асіі Бібі намагаліся губернатар пакістанскага штата Пенджаб, Сальман Тасер і міністр па справах рэлігійных меншасцяў Шахбаз Бхаці. За сваю дзейнасць абодва былі забіты экстрэмістамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.