2013-12-31 10:59:35

Папа ўзгадаў пра ахвяраў пажару на дыскатэцы ў Буэнас-Айрэсе


RealAudioMP3 Папа Францішак скіраваў ліст да сваякоў ахвяраў пажару на дыскатэцы “Рэспубліка Краманьён” у Буэнас-Айрэсе, які здарыўся 30 снежня 2004 г. У выніку трагедыі дзевяцігадовай даўніны загінулі 194 чалавека, а больш за 700 атрымалі раненні. Пасланне Святога Айца было прачытана падчас памятнай св. Імшы ў катэдральным касцёле аргентынскай сталіцы. “У гэтыя дні, калі абнаўляецца надзея, не магу забыць пра моладзь “Краманьёна”, іх бацькоў і блізкіх”, - напісаў Папа. Ён звярнуўся да біскупа Хорхэ Лазана, старшыні Камісіі па сацыяльнаму душпастырству пры епіскапаце Аргентыны з просьбай пераказаць ахвярам трагедыі і іх сваякам, што Папа пра іх памятае і знаходзіцца блізка. “Раны баляць і баляць яшчэ больш, калі да іх не адносіцца з пяшчотай”, адзначыў Папа і дадаў, што “гледзячы на Дзіцятка Езуса, які з’яўляецца самой пяшчотай”, просіць для бацькоў ахвяраў і параненых, каб да іх ранаў адносіліся з клопатам і пяшчотай. “Толькі пяшчота, з нашага сэрца, у маўчанні, з павагай, можа прынесці ім палёгку”, - напісаў Святы Айцец. Ён нагадаў, што найбольшая пяшчота – гэта пяшчота Бога, і таму заклікаў прасіць Пана ўдзяліць цёплае бацькоўскае суцяшэнне і навучыць нас усіх, не заставацца ў адзіноце, а працягваць жыццёвы шлях разам з братамі.

Прычынай пажару на дыскатэцы “Рэспубліка Краманьён” сталі хуліганскія дзеянні групы маладых людзей, якія кідалі пад столю бенгальскія вагні. Калі яна загарэлася на дыскатыцы знаходзілася каля 5-6 тыс. чалавек. Усе запасныя выхады з клуба былі заблакаваны.








All the contents on this site are copyrighted ©.