2013-12-29 12:30:55

Сяброўка Папы: Берголіа заўсёды надаваў важнае значэнне падрыхтоўцы гамілій


RealAudioMP3 Рашэнне запрашаць на ранішнія Эўхарыстыі ў Доме св. Марты вернікаў рымскіх парафій, цалкам адпавядае разуменню папам Францішкам яго святарства. На гэты факт звярнула ўвагу ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё старая сяброўка Хорхэ Берголіа журналістка Стэфанія Фаласка. Паводле яе, папа Францішак жадае прадэманстраваць, што першаснае значэнне неабходна надаць абвяшчэнню, Слову. Менавіта яно, знаходзіцца ў цэнтры рэформы, якую ён здзейсняе, пераканана журналістка.

Стэфанія Фаласка, расказала, што спытала Папу пра самыя важныя, на яго думку, фрагменты Апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium”. Францішак адзначыў, што гэта тыя, якія прысвечаны абвяшчэнню Божага Слова. Акрамя ўводнай і фінальнай часткі дакумента, Святы Айцец падкрэсліў важнасць таго, які прысвечаны гаміліі.

Паводле журналісткі, Папа заўсёды надаваў вялікае значэнне падрыхтоўцы гамілій – таму моманту, калі знаходзішся сам на сам са Словам і дазваляеш Яму асвяціць сябе. “Увесь час перад ранішняй св. Імшой ён прысвячае гэтаму духоўнаму моманту, як ён яго сам называе”, - сказала Стэфанія Фаласка. Прычына гэтага ў тым, што Берголіа перакананы: Касцёл існуе для таго, каб абвяшчаць, каб быць голасам свайго Жаніха. “Але гэта Слова, акрамя голаса, абвяшчаецца таксама жыццём”, - нагадала яна. У сваю чаргу, святароў, якія не рыхтуюць гамілій, Папа, у сваёй першай адгартацыі, назваў “нягоднымі” – гэта значыць неадказнымі за дары якія атрымалі, падкрэсліла журналістка.

Хорхэ Берголіа, яшчэ 13 сакавіка 2013 г., адразу пасля абрання Наступнікам св. Пятра, звяртаючыся да сабраных на ватыканскай плошчы, казаў пра адносіны паміж “біскупам і народам”. “Слова і тое, што ўяўляе яго штодзённая Эўхарыстыя адкрываюць яго на горад, біскупам якога ён з’яўляецца”, - сказала Стэфанія Фаласкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.