2013-12-28 11:56:40

Вернікі з Беларусі прымаюць удзел у Еўрапейскай сустрэчы моладзі


RealAudioMP3 У гэтыя святочныя дні Страсбург напоўніўся галасамі, якія гучаць амаль на ўсіх еўрапейскіх мовах, у тым ліку беларускай. Сёння, 28 снежня 2013 г., у гэтым французскім горадзе пачынаецца чарговая Еўрапейская сустрэча моладзі, на якую прыбылі больш за тысячу чалавек з Беларусі. Сустрэчу штогод, а гэта – ужо 36-ая па ліку – арганізуе экуменічная супольнасць Тэзэ. З кожнай з чатырох беларускіх дыяцэзій – Мінска-Магілёўскай, Пінскай, Віцебскай і Гродзенскай – на моладзевы форум выехалі па некалькі аўтобусаў з пілігрымамі, каб яны змаглі дакрануцца да гэтай супольнай радасці святкавання Божага Нараджэння і сустрэчы Новага 2014 года.

Анастасія Дула з Мінска падарожнічае такім чынам не першы раз і заўсёды чакае гэтай сустрэчы. “Я прыехала ўжо чацвёрты раз, першы раз была ў Вільні, потым у Берліне, у Рыме і, нарэшце, у Страсбургу. Я кожны год жыву жаданнем, адчуваннем гэтай сустрэчы. Для мяне яна вельмі важная і прыемная. Гэта такая магчымасць перапыніць сваё штодзённае жыццё, вырвацца з бытавой атмасферы і прыехаць туды, дзе шмат маладых людзей, пануе хрысціянскі дух і малітва”, - сказала ёна ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Экуменічны рух Тэзэ заснаваў у 1940 г. брат Ражэ, а напрыканцы 1970-х стаў ініцыятарам “пілігрымкі даверу на зямлі” – так называюцца праходзячыя з тых часоў Еўрапейскія сустрэчы моладзі. Штогод на іх збіраецца ад 30 до 50 тыс. чалавек з розных краін, каб некалькі дзён правесці ў супольнай малітве. На сустрэчы ў Стасбургу акрамя малітваў у парафіях, маладыя людзі будуць сустракацца на дыскусіях і канферэнцыях па актуальных пытаннях духоўнага, сацыяльнага, культурнага жыцця, у тым ліку з самімі братамі Тэзэ, адзначыў айцец Сяргей Трысцень, арганізатар пілігрымкі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. “Браты Тэзэ прымаюць удзел у сустрэчах, малітвах, таксама ёсць асабістыя размовы, можна паспавядацца, паразмаўляць. Ёсць спецыяльныя месцы такіх духоўных размоў і цішыні. Каб гэта сустрэча праходзіла не толькі ў шуме і святочным настроі, каб кожны змог знайсці месца, дзе можа застацца сам на сам, паразмаўляць з Богам праз духоўнага кіраўніка”, - адзначыў кармеліт.

У мінулым годдзе, паколькі сустрэча праходзіла ў Рыме, пілігрымы нават мелі магчымасць прысутнічаць на св. Імшы, якую праводзіў Бэнэдыкт XVI. Сёлета – уражанняў таксама хопіць, упэўнены ўдзельнікі. Справа ў тым, што праходіць 36-я сустрэча на абодвух баках мяжы Францыі і Германіі, прымаюць пілігрымаў як у французскім Страсбургу, так і ў нямецкім Бадэне.

Дарэчы, размяшчаюць тысячы пілігрымаў з усёй Еўропы звычайныя людзі – гэта ўжо традыцыя, якая таксама ўражвае не менш, чым архітэктурныя славутасці, адзначыла Яўгенія Радкевіч з Мінска. “Я ніколі не ўяўляла, што людзі могуць быць такімі адкрытымі, яны адчыняюць свае дамы для таго, каго бачаць першы раз. Яны адчыняюць не проста дамы, яны адчыняюць свае сэрцы для Бога. Гэта не проста нейкі культурны абмен, гэта духоўны абмен у першую чаргу”, - сказала ўдзельніца.

З кожным годам на Еўрапейскую сустрэчу Тэзэ прыязджаюць усё больш маладых людзей, у тым ліку групы з Беларусі становяцца больш вялікімі. Традыцыйна, сярод беларускіх пілігрымаў – не толькі вернікі каталіцкага веравызнання, але праваслаўныя і пратэстанты, а таксама тыя, хто толькі шукае шлях да Бога. Арганізатары адзначаюць, што многія з такіх у наступным годзе зноў едуць ў пілігрымку. Традыцыйна ў навагоднюю ноч – гэта адна з цікавых падзей форуму – праходзіць фестываль усіх народаў. На ім кожная з дэлегацый прэзентуе сваю краіну. Візітную картку прадставяць і беларусы. Увогуле ж візітнай карткай такіх сустрэч заўсёды з’яўляецца добры настрой і духоўны пад’ём, які ўдзельнікі вязуць дадому, у свае парафіі і да сваіх блізкіх.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.